Рэалізавалі ідэю мастак Аляксандр Благій і ініцыятыва бабруйчан «Прыпынак Адамовіча».
Перарабіць звычайны аўтобусны прыпынак у Глушы ў твор мастацтва, прысвечаны нашаму славутаму земляку, яшчэ на пачатку бягучага года вырашыў бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка.
Разам з сябрамі, якія ўрэшце ўтварылі ініцыятыву «Прыпынак Адамовіча», ён правёў конкурс эскізаў будучага арт-аб’екту. Канчатковы праект цягам двух апошніх дзён верасня рэалізаваў мастак Аляксандр Благій, вядомы пад псеўданімам Алесь Контра.
Цяпер прыпынак у Глушы недалёка ад будынку аптэкі, дзе працавала маці Адамовіча, і дзе плануецца стварыць музей, распавядае, што тут жыў наш вялікі пісьменнік, што тут была ягоная родная зямля.
«Адкрыць» арт-аб’ект і прэзентаваць яго жыхарам і гасцям Бабруйска і Бабруйшчыны сябры ініцыятывы плануюць 6-га кастрычніка падчас раённага фестываля народнай культуры «Глушанскі хутарок». Разам з прэзентацыяй пройдзе і экскурсія па малой радзіме Алеся Адамовіча. Для экскурсантаў з Бабруйска будзе замоўлены транспарт. Каб разлічыць патрэбную колькасць месцаў, арганізатары просяць запісвацца загадзя па тэлефоне: +375292418290 (Марына). Выезд а 12-й гадзіне ад тайм-клуба «1387» на вул. Чангарскай, 54. Удзел бясплатны.
Андрусь Архіпенка таксама хоча ўсталяваць у Глушы бюст Алеся Адамовіча. Дзеля гэтага сёлета ён збіраў подпісы за помнік, потым – грошы на яго ўсталяванне. З дапамогай краудфандынгавай кампаніі былі сабраныя больш за 9 тысяч рублёў. Над бюстам працавалі скульптары Ўладзімір Мелехаў, Генік Лойка і Яўген Білей. Цяпер праект помніка знаходзіцца на стадыі канчатковага ўзгаднення з уладамі. Андрусь спадзяецца, што атрымаецца яго адкрыцьда 25-годдзя са дня смерці пісьменніка 26 студзеня 2019 года.
Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в.Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Што і было зроблена. Памёр пісьменнік 26 студзеня 1994 года – ад інфаркта.
Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.
Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.
Падрабязней пра тое, як размалёўваўся прыпынак Адамовіча, глядзіце ў нашых відэасюжэтах.
Марына Міхневіч