
11 лістапада Раман Бандарэнка пабачыў у чаце, што ціхары ў чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі на вуліцы Чарвякова ў Мінску («Плошча перамен»), і вырашыў не заставацца дома.
«Прыехалі ў цывільным шэсць мужчын і тры жанчыны. Жыхары шматпавярховак тут жа напісалі пра гэта ў мясцовым чаце. Сярод тых, хто вырашыў выйсці на вуліцу, быў 31-гадовы Раман Бандарэнка, ён паспеў напісаць: «Я выходжу!» Паміж чалавекам у балаклаве і невядомым хлопцам завязалася нейкая спрэчка, Рома ў ёй не ўдзельнічаў, ён стаяў побач і слухаў, — кажа сведка падзей. — Потым ён нешта сказаў, і чалавек у балаклаве спытаў: «Ты чаго борзы такі?» Адштурхнуў Рому, той спрабаваў ухіліцца, але невядомы схапіў яго і з усёй сілы адкінуў да горкі на пляцоўцы. Ён моцна стукнуўся галавой», — расказалі мясцовыя жыхары.
Бандарэнку зацягнулі ў бус, адвезлі ў РУУС, адкуль даставілі ў бальніцу ўжо ў непрытомным стане. Яму зрабілі аперацыю. Сёння ў бальніцы прайшоў кансіліум. Пра яго вынікі «Нашай Ніве» распавялі сваякі:
«Было кровазліццё ў тыя аддзелы мозгу, якія адказваюць за жыццёва важныя працэсы арганізма. Там была вельмі вялікая гематома, прыйшлося рабіць трэпанацыю чэрапа, каб мозг не ціснуў на чэрапную скрынку.
Цяпер Раман у крытычным стане. Шанцы выжыць ацэньваюць як 1 з 1000.
Яму трэба рабіць яшчэ адну аперацыю. Але рабіць яе цяпер, пакуль Раман у такім стане, немагчыма. Ён яе не перажыве.
Дактары сказалі, што цяпер трэба проста чакаць, можа быць, Раману ўсё ж хоць трохі палепшае.
Бывалі выпадкі, калі людзі выжывалі пасля такога, але рэдка. Па словах медыкаў, 10 гадоў таму ён бы дакладна памёр, сёння ж шанцы ўсё ж застаюцца. «Мы робім усё магчымае і нават больш, — кажуць дактары».