Домой В стране Зміцер Дашкевіч: зона — гэта мініяцюра дзяржавы

Зміцер Дашкевіч: зона — гэта мініяцюра дзяржавы

Былы палітвязень і адзін з лідараў руху «Малады фронт» сёмага снежня прэзентаваў у Бабруйску сваю кнігу «Чарвяк».

Сустрэча са Змітром Дашкевічам адбылася ў рамках «Клюбу імя Яна Хадкевіча», якi дзейнічае ў нашым горадзе. Кіраўнік клюба, таксама былы палітвязень і карэспандэнт «БК» Яўген Васьковіч на пачатку імпрэзы коратка распавёў аўдыторыі пра лёс Змітра.

Дашкевіч быў двойчы асуджаны. Першы раз ён апынуўся за кратамі за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» («Малады фронт»), другі — за ўдзел у Плошчы.

Паводле спадара Змітра, свае мастацкія творы ён пачаў пісаць у месцах пазбаўленьня волі. У зборнік «Чарвяк» увайшлі апавяданні і аповесць, напісаныя ім у перыяд з 2006-га па 2013-ы год.

Варта адзначыць, што сустрэча са спадаром Дашкевічам праходзіла переважна ў фармаце дыскусіі. Удзельнікі мерапрыемства цікавіліся вопытам, які Зміцер атрымаў за кратамі, яго стаўленнем да сучаснай беларускай «палітыкі», роднай мовы, рэлігіі…

На ўсе пытанні ён даваў разгорнутыя адказы. Распавядаючы пра свой турэмны вопыт, Зміцер адзначыў, што ў беларускіх месцах пазбаўлення волі знаходзіцца да траціны невiнаватых людзей…

Умовы існавання для «палітычных» ў гэтых месцах ствараюцца невыносныя. Некаторыя з рэчаў, якія ўвайшлі ў зборнік «Чарвяк» пісаліся досыць доўга, бо аўтару ў першую чаргу прыходзілася думаць «проста як выжыць».

Тым не менш, спадар Зміцер падкрэсліў, што зараз на яго і ягоную сям’ю няма ціску з боку ўладаў. Ён упэўнены, што ціск эфектыўны толькі ў дачыненні да тых, хто дазваляе на сябе ціснуць.

Размова апазіцыйнага лідара з бабруйчанамі не магла абыйсціся без успамінаў пра стварэнне расейскіх вайсковых баз у нашым горадзе. Шмат неабыявакавых грамадзян вельмі клапоціць такая перспектыва. Але спадар Дашкевіч упэўнены, што рэзананснымі навінамі пра магчымасць з’яўлення расейскіх баз на тэрыторыі Беларусі ўлады прыкрываюць шмат горшую рэчаіснасць.

Напрыклад тое, што так званы «расейскі свет» ужо доўгі час ажыццяўляе сваю дзейнасць у нашай краіне, вядзе антыбеларускую прапаганду, пазбаўляючы нас нашае культуры, гістарычных сымбаляў…

«Я малюся, каб Бог біў лбамі таго зладзея маскальскага й нашага зладзея», — адзначыў Дашкевіч, паскардзіўшыся, што беларускія ўлады злегку, за крэмлёўскія крэдыты, дазваляюць іншаземцам рабіць злочын на нашае зямлі.

Напрыканцы імпрэзы бабруйчане шчыра падзякавалі Змітру Дашкевічу за цікавую размову. Удзельнікі мерапрыемства скарысталіся магчымасцю і ўзялі сабе па асобніку кнігі «Чарвяк».

Для кожнага са сваіх чытачоў аўтар пакінуў на яе старонках некалькі асабістых цеплых словаў.

 

Александрына Глаголева