Домой Новости Журналіста Алеся Асіпцова асудзілі на 10 сутак арышту. Ён трымае галадоўку

Журналіста Алеся Асіпцова асудзілі на 10 сутак арышту. Ён трымае галадоўку

Суд у Магілёве над журналістам Алесем Асіпцовым пачаўся 12 траўня каля 9.30. Вырак — 10 сутак арышту. Асіпцоў трымае галадоўку ад 9 траўня, – піша ​svaboda.org.

(Нагадаем, Алесь Асіпцоў знік у Бабруйску 9 траўня, падчас выканання сваіх журналісцкіх абавязкаў, – заўв. «БК»).

Пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў быў затрыманы за нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне, але за якое, не было вядома да самага суду.

На працэс у суд Кастрычніцкага раёну не пусьцілі дачку журналіста Яніну і актывістаў, якія прыйшлі яго падтрымаць.

Суд адбываецца ў кабінэце судьдзі, быццам усе залі занятыя і ў сувязі з эпідэміялягічнай сітуацыяй. Сама судьдзя Натальля Ясенка была бяз маскі.

журналіста Алеся Асіпцова асудзілі
Судзьдзя Натальля Ясенка бяз маскі

Асіпцоў перад судом распавёў, што яго затрымалі, калі ён фатаграфаваў людзей, якія зьбіраліся зладзіць акцыю «Антыпарад».

суд над Осипцовым
На фоне — «сьведкі» ў справе Асіпцова
суд на Осипцовым
«Сьведка» Жукаў

Паводле журналіста, да яго падышоў міліцыянт і паведаміў, што ён мусіць прайсьці зь ім, бо на яго заведзеная адміністрацыйная справа. Пазьней Алесь Асіпцоў даведаўся, што справу супраць яго завялі за ўдзел у сустрэчы 5 траўня каля крамы «Гіпа» з прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага (самаго блогера на сустрэчы не было).

Алесь Асіпцоў віны не прызнае: ён заяўляе. што працаваў на той сустрэчы як журналіст. Паводле Асіпцова, яго везьлі ў аддзел міліцыі з парушэньнем нормаў санітарыі, ён выказваў пратэст, а потым абвясьціў галадоўку.

Пасьля выраку — 10 сутак арышту — Асіпцоў заявіў, што працягне галадоўку.

З 21.00 9 траўня Алесь Асіпцоў на знак пратэсту не прымае ежу, у судзе ён сказаў, што адчувае сябе блага. Аспіцоў дадаў, што максымальнае пакараньне яму толькі дадасьць гучнасьці гэтай незаконнай, на яго думку, справе. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Асіпцова і ягонага адваката аб правядзеньні працэсу ў судовай залі.

 

Алег Грузьдзіловіч
https://www.svaboda.org/