Домой Общество ЖУРНАЛІСТ З БАБРУЙСКУ АНАТОЛЬ САНАЦЕНКА ЎГАНАРАВАНЫ ДЫПЛОМАМ «ЗА АДДАНАСЦЬ ПРАФЕСІІ»

ЖУРНАЛІСТ З БАБРУЙСКУ АНАТОЛЬ САНАЦЕНКА ЎГАНАРАВАНЫ ДЫПЛОМАМ «ЗА АДДАНАСЦЬ ПРАФЕСІІ»

Гомельская філія ГА «БАЖ» на сваім сходзе 13 мая падвяла вынікі конкурсу памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова «За адданасць прафесіі».

Разглядаліся публікацыі, тэле- і радыёнарысы, якія мелі грамадcкі рэзананс і былі надрукаваныя альбо выйшлі ў эфір з 1 мая 2010 па 1 мая 2011 года.
Гэтым разам дыпломам «За адданасць прафесіі» ўганараваны выдавец і журналіст з Бабруйску, сябра ГА «БАЖ» Анатоль Санаценка.

У журналістыцы спадар Санаценка амаль два дзесяцігоддзі. Мае на гэты час у газетах і анлайн-выданнях каля 1000 публікацый.

З 2003 года Анатоль Санаценка — выдавец і галоўны рэдактар газеты «Бобруйский курьер». Летась у ліпені з прычыны працяглых эканамічных рэпрэсій газета спыніла выпуск друкаванай версіі. Аднак спадар Санаценка наладзіў працу інтэрнэт-парталу пад тым жа лагатыпам.

Сёлета ў красавіку Анатоль Санаценка атрымаў ад бабруйскай пракуратуры афіцыйнае папярэджанне за запіс у сваім блогу, датычны тэракту ў сталічным метро 11 красавіка.

Гомельская журналісцкая супольнасць ГА «БАЖ» прызнала, што Анатоль Санаценка, нягледзячы на перашкоды, праявіў мужнасць і адданасць у адстойванні свайго права на прафесійную дзейнасць.

Віншуем калегу з перамогай і зычым творчых поспехаў у выкананні сваіх прафесійных абавязкаў!

http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-10624.html