Домой В стране Жанна Літвіна пра прысуд Атрошчанкаву: «Пабітыя ўсе рэкорды па рэпрэсіях супраць журналістаў...

Жанна Літвіна пра прысуд Атрошчанкаву: «Пабітыя ўсе рэкорды па рэпрэсіях супраць журналістаў у Беларусі…»

«Сённяшняе рашэнне суда — 4 гады зняволення для журналіста, які знаходзіўся ў месцы грамадска значных падзей — наводзіць на думку пра палітычную ангажаванасць судовых рашэнняў па справах, датычных 19 снежня, — зазначыла Жанна Літвіна ў гутарцы з прэс-службай ГА „БАЖ“. — Пабітыя ўсе рэкорды па рэпрэсіях супраць журналістаў у Беларусі… Усе палітычныя кампаніі такога маштабу ў нашай краіне заканчваюцца ўзмацненнем ціску на журналістаў і СМІ. Сённяшні суд — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што нашы калегі зноў апынуліся ў эпіцэнтры рэпрэсій, разам з палітыкамі і праваабаронцамі. Але я ўпэўненая: якія б жорсткія захады ні рабіліся дзеля таго, каб змусіць журналістаў замаўчаць, нашы калегі застануцца вернымі сваёй прафесіі. Ніхто не выканае за нас нашай працы — даносіць да людзей адкрытую і рознабаковую інфармацыю, якая так патрэбна нашаму грамадству…»

2 сакавіка Жанна Літвіна знаходзілася ў Бруселі, дзе ўдзельнічала ў адкрыцці фотавыставы «19 снежня вачыма журналістаў». На адкрыцці прысутнічаў Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў Эйдан Уайт, які ў сваім вітальным слове выказаў занепакоенасць сітуацыяй са свабодай слова ў Беларусі і салідарнасць з беларускімі журналістамі, асабліва з пацярпелымі ў выніку падзеяў 19 снежня.

На той момант яшчэ не было вядома пра прысуд Аляксандру Атрошчанкаву. Затое беларускія журналісты ўзнялі гэтую тэму на сённяшняй вечаровай сустрэчы з еўрадэпутатам Яцэкам Пратасевічам. «Ён вельмі заклапочаны суровасцю рашэнняў, якія выносяць па „справе 19-га“ беларускія суды», — распавяла Жанна Літвіна.

Іншыя каментары па выніках суда над Атрошчанкавым:

«Прысудам свабодзе слова на Беларусі» назвала прысуд Атрошчанкаву грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь». «Аляксандр Атрошчанкаў выконваў свой прафесійны і перадусім грамадзянскі абавязак…», — гаворыцца ў адмысловай заяве, распаўсюджанай увечары 2 сакавіка.

«Беларускі народ будзе працягваць адстойваць сваё права на свабоду слова, свабоду сходаў і свабоду сумлення. У гэтай сваёй барацьбе мы разлічваем на сусветную салідарнасць», — пішуць аўтары заявы. Яны заклікаюць таксама міжнародную сусветную супольнасць і журналісцкія супольнасці і арганізацыі «працягваць узмацняць ціск на дыктатарскі рэжым з мэтай вызвалення незалежных журналістаў і ўсіх палітычных вязняў на Беларусі».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што такія прысуды — гэта тэндэнцыя, і чакаць апраўдальных прысудаў ужо не варта:

«Адбываецца проста расправа над гэтымі людзьмі. Ніякіх доказаў масавых беспарадкаў у судзе так прад’яўлена і не было — ніякіх доказаў узброенага супраціву, падпалаў і ўсяго таго, што следства там ім панапісвала. Нават Малчанаву, які прызнаў, што ён штосьці дзесьці разбіў і зняў сцяг — пакараньне несуразмерна, і ўвогуле ня тая кваліфікацыя. А ў шэрагу выпадкаў там увогуле доказаў віны няма. Гэта проста паказальная расправа», — сказаў праваабаронца ў інтэрв’ю Радыё «Свабода».

Вынесеныя 2 сакавіка прысуды неабгрунтаваныя з пункту гледжання даказальнай базы, заявіла БелаПАН пасля абвяшчэння прысуду праваабаронца Алена Танкачова. Усе прысуды яна назвала «надзвычай жорсткімі».

http://baj.by/