Домой Общество Жанчыны супраць чыноўнікаў з Вярхоўнага суда

Жанчыны супраць чыноўнікаў з Вярхоўнага суда

20 снежня група беларускіх жанчын колькасцю 36 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі звярнулася да прэзідэнта краіны з просьбай звольніць кіраўнікоў Вярхоўнага суда як службовых асоб, якія не справіліся са сваімі службовымі абавязкамі і дыскрэдытуюць дзяржаву перад тварам беларускага народу. Сярод іх бабруйчанкі Любоў Санкевіч, Вера Усцімчук, Валянціна Каваленка ды іншыя.

Ужо шмат гадоў жанчыны лічаць, што яны ці іх родныя незаконна пакутвалі падчас разгляду судовых спраў, сумесна змагаюцца за свае правы і аднаўленне справядлівасці. Гэтую кампанію пачала бабруйчанка Любоў Санкевіч, якая ўжо цягам амаль што дзевяці гадоў дамагаецца аднаўлення на працы. Гэта для яе ўжо стала справай прынцыпу і, знаходзячыся на пенсіі, яна працягвае сваю барацьбу. Двойчы яна ў адчаі абвяшчала і праводзіла галадоўкі. Адна з іх праходзіла ў 2005 годзе ў Мінску на плошчы Бангалор

Любоў Міхайлаўна была звольнена з Бабруйскага завода ТДіА, дзе яна працавала на пасадзе старэйшага бухгалтара. Гэта адбылося пасля таго, як яна звярнула ўвагу кіраўніцтва прадпрыемства ды камісіі на тое, што сабекошт прадукцыі значна завышаны і складаецца няправільна Спадарыня Санкевіч, разам з іншымі жанчынамі з розных бакоў Беларусі, безвынікова дамагаецца прыёму ў прэзідэнта краіны. Але цяжкасцю для іх з’яўляецца нават атрымаць аўдыенцыю ў іншых першых асоб краіны. Так, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ўжо тройчы адмаўляўся абмяркоўваць праблему шматлікіх судовых адпісак, з якімі даводзіцца сутыкацца жанчынам. Таму зараз яны патрабуюць у прэзідэнта адстаўкі чыноўніка

Антон ПУЦІЛА