Домой В стране Затрыманьне Бабарыкі: чаму Лукашэнка перадумаў

Затрыманьне Бабарыкі: чаму Лукашэнка перадумаў

затрыманьне БабарыкіВіктар Бабарыка ўсё ж затрыманы. Роўна праз тыдзень пасьля «наезду» на «Белгазпрамбанк». Чаму не адразу яго «пасадзілі» разам з двума дзясяткамі затрыманых калегаў па працы ў банку і сяброў? Чаму чакалі цэлы тыдзень? Піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Можна вылучыць некалькі вэрсіяў. Па-першае, чакалі, што пад моцным ціскам, калі ў закладнікі ўзялі сяброў, Бабарыка ня вытрымае і здымецца з выбараў.

Па-другое, шукалі фармальных зачэпак, каб арышт мог выглядаць больш-менш праўдападобна, чакалі, што хтосьці з затрыманых, можа, дасьць паказаньні.

Але, здаецца, не спрацаваў ня толькі першы, але і другі чыньнік — калі меркаваць па заяве старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Тэртэля ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1». Бо нічога новага не знайшлі. А што спрабаваў зьняць свае грошы з свайго рахунку, то ў чым крымінал?

12 чэрвеня ў Полацку Лукашэнка так сказаў пра будучы лёс Віктара Бабарыкі: «Я хачу, каб ён трапіў на выбары… Вязьнем сумленьня мы яго ня зробім». То бок спачатку арыштоўваць яго не зьбіраліся.

Але прайшоў тыдзень, і Лукашэнка памяняў сваю пазыцыю. Што здарылася за гэты тыдзень? Відаць, кіраўнік дзяржавы адчуў, што сытуацыя разьвіваецца не ў спрыяльны для яго бок. Можа, сацыёлягі давялі да яго новыя лічбы, магчыма, адчуў нейкія хістаньні ў асяродзьдзі намэнклятуры. І на падставе гэтай новай інфармацыі вырашыў: трэба канчаць гульню ў кошкі-мышкі і заганяць гвазды да плешкі.

Пасадзіўшы Бабарыку за краты, Лукашэнка робіць ход, які павінен рашуча пераламіць кірунак выбарчай кампаніі. Гульня ў дэмакратыю, справядлівасьць, народнае волевыяўленьне цяпер адкінутая.

Бо калі Бабарыка на свабодзе, калі ён, нягледзячы на крымінальную справу, спакойна здае подпісы, ладзіць выбарчую кампанію, то спадзеў на перамены будзе нарастаць проста аб’ектыўна, па законах сацыялёгіі. Тыя, хто ня вызначыўся, далучаюцца да большасьці па прынцыпе сьнежнага камяка.

Таму, каб спыніць усялякія надзеі і спадзяваньні, давесьці ўсім і кожнаму, што ўсе чаканьні марныя, трэба даць сыгнал адзіным зразумелым у Беларусі спосабам: пасадзіць прэтэндэнта за краты. І няхай сабе ён нават застаецца ў выбарчых бюлетэнях (хоць зусім ня факт, што яго зарэгіструюць), няхай сабе за яго галасуюць, гэта нічога не мяняе. Арышт Бабарыкі — гэта замацаваньне ў беларускай сьвядомасьці фаталізму, які пачаў быў рассыпацца з пачаткам выбарчай кампаніі. Усе, хто захістаўся, павінны зразумець, што з турмы на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі не пераходзяць. Як у «Боскай камэдыі» Дантэ Аліг’еры над брамай пекла вісеў надпіс: «Пакінь надзею ўсякі, хто сюды ўваходзіць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.

  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 траўня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».