За год цана капусты вырасла на 120%. Чаму ў Беларусі так моцна падаражэла гародніна

капусту
Фота: city-dog.by

 

Цэны на традыцыйныя для беларускага стала моркву, бульбу ды капусту сёлета здзівілі шмат каго. Пры тым высокія цэны трымаюцца ў самы сезон, якраз пасля ўборкі ўраджаю, калі гародніна самая танная. У чым прычына? Як высветліла «Наша Ніва», на кошт паўплывалі адразу некалькі фактараў.

Што адбылося з цэнамі?

Кожны месяц Белстат публікуе інфармацыю па сярэдніх цэнах на спажывецкія тавары і паслугі. Мы паглядзелі, як яны мяняліся па пяці відах гародніны: узялі бульбу, моркву, буракі, цыбулю ды капусту. Параўноўвалі кошты за кастрычнік 2020 года з кастрычнікам 2021.

Аказалася, што больш за ўсё падаражэла капуста: аж на 120%, з 59 капеек за кілаграм да 1,3 рубля. Потым ідзе бульба і морква (на 77%). Затым бурак (на 70%). І замыкае спіс цыбуля, цана якой набрала 59%.


капусту

 

Між тым, сэрвіс infoprice.by паказвае, што цяпер цана на бульбу ў гіпермаркетах вагаецца ад 1,27 да 1,85 рубля за кілаграм. Капусту прадаюць па цане ад 1,2 да 1,7 рубля за кіло. Бурак — ад 1,12 да 1,5 рубля. Цыбулю — ад 0,99 да 1,54 рубля. Моркву — ад 1,15 да 1,39.

 

капусту

 

Як мы выглядаем на фоне суседзяў?

Мы параўналі цэны на гародніну ў папулярных анлайн-крамах Беларусі і суседзяў. Не прэтэндуем на сацыялагічнае даследаванне. Але пэўныя высновы зрабіць можна.

Так, самая танная капуста ў Літве, а самая дарагая — у Беларусі, у 2,2 разы даражэйшая, чым у Літве. Беларуская бульба больш чым удвая даражэйшая за ўкраінскую. І па кошце яе абганяе толькі расійская.

Наша моркву па кошце пераплюнула толькі польская і расійская. А буракі — польскія і літоўскія. Ну і цыбуля даражэйшая ізноў толькі ў Польшчы і Латвіі.


капусту

 

Чаму ўсё так падрасло?

Як расказаў «Нашай Ніве» адзін з супрацоўнікаў аддзела закупкі буйной гандлёвай сеткі, кошты на гародніну выраслі праз некалькі фактараў.

«Па-першае, гэта дрэнныя ўмовы надвор’я, што былі летам, — кажа ён. — Па-другое, з-за нізкіх коштаў у мінулым годзе фермеры пасадзілі значна менш гародніны.

Тая ж капуста мінулай восенню ў аптовай закупцы каштавала 20 капеек за кілаграм. І гэта з дастаўкай. Па такіх цэнах яе вырошчваць нявыгадна. Некаторыя яе проста перааралі. Бо кошт уборкі, падрыхтоўкі і дастаўкі даражэйшы, чым 20 капеек за кілаграм.

Па-трэцяе, у Расіі сёлета ўраджай меншы і таму гародніна (бульба і капуста) едуць туды. Ну і па-чацвёртае, рост коштаў на харчовыя тавары — гэта агульнасусветны трэнд».

 

капусту

 

«Як выкручваліся? Расія забірала беларускую бульбу, а мы куплялі украінскую. Бо яна таннейшая, — адзначае эксперт. — Зараз галоўнае пытанне з белакачаннай капустай.

На гэтым тыдні беларусы паднялі закупачныя цэны на ўзровень да 1,5 рубля за кілаграм. Цяпер танней выходзіць польская капуста.

Магчыма, у палякаў большыя рынкі збыту. І цана больш прадказальная.

 

 

Што тычыцца морквы, то яе шмат і ў нас, і ў Расіі. А вось цыбулі айчыннай не так і шмат. Але ў Расіі з лішкам, таму сітуацыя з коштамі больш-менш стабільная».

Яшчэ адзін суразмоўца «Нашай Нівы» адзначыў, што кошт беларускай бульбы прывязаны да экспартнай цаны.

«Сёлета стартавая цана на бульбу была практычна ідэнтычная цане мінулага года, з якой фінішавала ўборка да моманту закладкі ў сховішчы, — кажа суразмоўца. — Сезон у бягучым годзе пачаўся з вельмі высокага ўзроўню. Цана пачала расці да таго моманту, пакуль асноўны рынак (расійскі) не сказаў: «Хопіць, рабяты, наша цана на расійскую бульбу ніжэйшая за вашу, беларускую».



 

Яшчэ нейкі час па інерцыі некаторыя экспарцёры адпраўлялі прадукцыю ў Расію. Але ў адзін цудоўны момант пайшла зваротная тэндэнцыя. Пасля таго як аб’ёмы экспартных адгрузак скараціліся, цана на ўнутраным рынку пачала зніжацца.

Цяпер аптовы кошт вярнуўся да коштаў пачатку ўборкі. Цана на айчынную бульбу амаль роўная цане ўкраінскай з улікам дастаўкі ў Беларусь — 65-70 капеек без ПДВ».

Наш суразмоўца адзначае, што немалаважным фактарам з’яўляюцца і кошты Талочынскага кансервавага завода. Гэта адзін з буйнейшых вытворцаў бульбы ў Беларусі. У пэўны момант завод пачаў падымаць цэны. І за ім стаў расці «опт».

«Сітуацыя з ростам цаны на бульбу ў Беларусі была настолькі сур’ёзная, што Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разглядала прапанову ўвесці забарону на экспарт бульбы. Рашэнне было амаль прынятае. Але ў апошні момант дакумент не падпісалі», — кажа наша крыніца.


nashaniva.com
Фото на главной странице: santaram.ru

 

Вам также могут понравиться
BE EN RU