Новы год даўно стала традыцыяй адзначаць на галоўнай плошчы горада. І гэты год не стаў выключэннем.
Сустрэўшы свята дома, людзі хутка накироўваліся на цэнтральную плошчу. Там, а першай гадзіне распачаўся канцэрт з удзелам тэатра песьні і танца «Шына-най». На сцэне забаўлялі публіку Дзед Мароз са Снягуркай і іншыя персанажы. На ўваходзе ўсіх абшуквалі супрацоўнікі міліцыі, якія пільнавалі, каб ніхто не мог пранесці алкаголь ці петарды. Аднак у самых знаходлівых эта атрымоўвалася… Народ гуляў на плошчы амаль да самага ранку.
У другі святочны вечар вяселле працягвалася. І зноўку ўсіх радаваў тэатр песні і танца «Шына-най». Для маленькіх дзетак быў праведзены конкурс вершаў, пасля якога кожны атрымаў салодкі падарунак ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Зноўку міліцыя сачыла за праносам забароненых рэчаў, аднак петарды ўсё адно ўзрываліся, а алкаголь праносіўся, аб чым сведчылі пустыя бутэлькі на плошчы пасля заканчэння канцэрта. Напрыканцы вечара было абвешчана, што пасля канцэрта ніякіх урачыстых салютаў ці феерверкаў не будзе.
— Некалькі чалавек было затрымана, — кажа маёр міліцыі спадар Аляксандр Сідараў, — але ніякіх сур’ёзных здарэнняў не было.
Супрацоўнікі Хуткай медычнай дапамогі, якія дзяжурылі на плошчы, паведамілі, што ніякіх надзвычайных сітуацый не здаралася.
Артыстка тэатра і песні «Шина-най» Кацярына Бяспанская адзначыла:
— Выдатны канцэрт! Учора была ў Магілеве, дык там было сумна. Елка нейкая нязграбная, непрыгожая. А Бабруйск мне вельмі спадабаўся. Ціхі, сямейны горад (а сама я з Оршы)… Вельмі хачу адзначыць нашага кіраўніка спадарыню Алу Ефіменка, без яе намаганняў такога канцэрта не атрымалася б.
Трэці дзень свята быў прысвечаны дзецям, якіх забаўлялі розныя казачныя персанажы. Міліцыі ў той дзень не было бачна. Ніхто не абшукваў на ўваходзе. Дзетак трэці дзень запар частавалі салодкімі ласункамі…
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара