Домой Права человека Яўген Васьковіч: «Я нібы застаўся ва ўзросце тых 19 год, калі мяне...

Яўген Васьковіч: «Я нібы застаўся ва ўзросце тых 19 год, калі мяне пасадзілі»

Як беларуская турма робіць з людзей патэнцыйных здраднікаў дзяржавы, чаму за кратамі па некалькі разоў на дзень чысцяць зубы, а час там нібы спыняецца, распавёў «Бабруйскаму кур’еру» цяпер ужо былы палітвязень Яўген Васьковіч.

«Турма зрабіла мяне больш злым»

— Яўген, якія ў цябе адчуванні ад першых дзён на волі? Як настрой? Што першае ты зрабіў, як толькі апынуўся ў родных сценах?

— Настрой добры. Пра адчуванні цяжка сказаць. Можа, яшчэ не хапіла часу, каб асэнсаваць у поўнай ступені, што адбылося. Усе гэтыя дні ў мяне ўвесь час рух, падзеі, сустрэчы. Радуюся, канешне. Як толькі я прыехаў, мяне адразу забралі да матулі ў вёску. Там мы адзначылі маё вызваленне. А як вярнуўся ў Бабруйск, то найперш я пайшоў па крамах закупляцца, апранацца. Сустрэўся з аднакласнікамі, даведаўся, што ўсе ажаніліся, у некаторых нават дзеці ўжо. А я як быў у 19 год, так і застаўся. Прынамсі, псіхалагічна.

— Маеш на ўвазе адчуванне, што час не йшоў, пакуль ты знаходзіўся за кратамі?

— Можна і так сказаць. Увогуле, я заўважыў, што шмат людзей, якім даюць тэрмін большы за пяць гадоў, застаюцца псіхалагічна ў тым жа ўзросце, у якім іх пасадзілі. Я такое пабачыў асабліва ў тых, хто сядзіць з канца 90-х. Застаецца той самы спосаб мыслення, светаўспрымання. Развіцця няма.

— Кажуць, што турма накладае на чалавека адбітак, назаўжды змяняе. Ці адчуў ты гэта на сабе?

— Канешне, гэта так. І адбітак дае тэрмін, перш за ўсё. Тры-чатыры гады могуць прайсці незаўважна. Але чым больш чалавек там знаходзіцца, тым больш ён змяняецца. Становіцца больш жорсткім, скрытным. Бо там увесь час трэба сачыць, быць «на строме», каб ніхто ні за што не мог зачапіць. Людзі становяцца вельмі цынічнымі. Дабрыню яны пачынаюць тлумачыць выключна карысцю. Ва ўсім бачыш перш за ўсё дрэнны бок. У той жа час дробязі вучышся не заўважаць. Бо інакш папсуеш шмат нерваў. Я стаў спакайнейшым да дробязяў. Але ў той жа час больш злым.

— Злым? На каго? На што?

— На ўсё ўвогуле. Пэўна, тых, хто адседзеў значны тэрмін, можна вылучыць па позірку, манеры размаўляць, жэстах. Яны глядзяць часта з-пад ілба, як драпежнік, гатовы напасці. Бо там увесь час чакаеш нападзення, і заўсёды рыхтуешся адказаць. Мяняешся і пераймаеш гэтыя павадкі, бо там неабходна жыць. У побытавых рэчах цікава, што чалавек пачынае больш сачыць за сабой, за чысцінёй, хоць, па сутнасці, няма для каго. Бо калі чалавек не мыецца, яго могуць пабіць. Таму чалавек там больш дысцыплінуецца. Некаторыя зубы чысцяць некалькі разоў на дзень.

— Наколькі эфектыўная нашая пенітэнцыярная сістэма, на твой погляд?

— Тое, што робіцца зараз унутры гэтай сістэмы, не на карысць дзяржаве. Бо, калі зменіцца ўлада, ці нехта прыйдзе на нас з вайной, вязні не будуць бараніць уладу. Яшчэ ў часы гітлераўскай Германіі высветлілі, што крымінальнікі з’яўляюцца аднымі з тых ядраў, на якіх можна абаперціся падчас захопу. Бо яны не палічаць гэта здрадай дзяржаве, якая над імі здзеквалася. Беларускай сістэме пакарання патрэбна шмат зменаў.

«Мы не да канца разумелі, чаго чакалі ад нашага ўчынку»

— Для цябе ў 19 год трапіць у турму — гэта, пэўна, быў значны стрэс?

— Як сказаць. Мы яшчэ да крымінальнай справы абмяркоўвалі варыянт, калі нас прымуць за гэта. І разглядалі, як трэба будзе сябе паводзіць. Мы рыхтаваліся да ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства — М.М.), а там максімальны тэрмін пакарання — 6 год. Таму, калі мяне пасадзілі, я ўжо ведаў, як сябе паводзіць. Калі трэба было ісці ў адмову, маўляў, я — не я і хата не мая, а калі мне ўжо трэба было сказаць — так, гэта я, і такім чынам прыцягваць да справы ўвагу грамадскасці.

— То бок, вы ведалі, што вас могуць пасадзіць, і ўсё ж такі пайшлі. А зараз ты б зрабіў тое самае?

— Калі б мне сёння прапанавалі гэта зноў зрабіць, я б адмовіўся, бо няма ў гэтым сэнсу. Бо не было б патрэбнага выніку.

— А тады, пяць год таму, вынік, якога вы чакалі, атрымаўся?

— Тады… А што мы тады ўвогуле чакалі? Напэўна, да канца і не разумелі, чаго чакалі… Мы не надта задумваліся, якія станоўчыя ці карысныя вынікі могуць прынесці нашыя дзеянні. Напэўна, калі б у нас грамадства было крышачку іншага характару, гэта магло б яго падштурхнуць да нейкіх дзеянняў. Але яно такое, як ёсць, пасіўнае, запужанае, таму выніку ніякага.

— То бок, варта дзейнічаць іншымі метадамі?

— Так. Я зразумеў, пакуль сядзеў, што можна ж яшчэ весці дыялог, і спрабаваць дасягнуць свайго меньшымі затратамі. Бо лепш дамагчыся нечага словамі, чым дзеяннямі. Бо дзеянні выклікаюць жортскі адказ і яшчэ большы ціск.

— Што сёння трэба рабіць, каб нешта ў нас памяняць?

— Ёсць, напрыклад, праграмы негвалтоўнага супраціву, розныя тактыкі, якім вучаць апазіцыянераў на семінарах — як негвалтоўна дасягаць сваёй мэты. Змяніць характар народу. Зараз ён пад уплывам прапаганды. У нашай дзяржаве столькі хлусні, што чалавек перастае разбірацца, і ўспрымае гэта ўсё, як норму. Неабходна адкрываць вочы людзям. І тут апазіцыя недапрацоўвае.

Калі нашыя прэтэндэнты на кандыдатаў пачалі раз’язжаць па рэгіёнах, і я бачыў, як яны прымяняюць заходнія шаблоны на нашых людзей, мне нават дзесьці і смешна станавілася. Калі, напрыклад, яны прыязджаюць у вёску, там сядзяць тры п’яніцы, чакаюць аўталаўку, а яны ім пачынаюць нешта пра палітыку, пра свабоду казаць, то які ў гэтым сэнс?

«Памілаваў — і добра. Я на волі, і якая розніца, як?»

— Юрый Рубцоў пачувае сябе абражаным, што ён на волі, бо Лукашэнка яго памілаваў. Ён хоча быць цалкам апраўданы. А як ты ставішся да гэтага?

Галоўнае, што ты на свабодзе, а якая разніца, якія там былі акалічнасці? Гэта палітыка. У ёй няма такіх прынцыпаў, як у сярэднявечным рыцарстве. У палітыцы ўвогуле няма прынцыпаў. Калі памілаваў — ну і добра. Я зараз тут і магу рабіць, што хачу. Але я ведаю, што я паводзіў сябе так, як мне варта было сябе паводзіць, я сам не здаўся. А тое, што нехта там за гэтае памілаванне нейкі плюсік сабе атрымаў, дык мне ўсё адно. Галоўнае, што я зараз тут, а не там.

— Але ў той жа час ты катэгарычна адмаўляўся пісаць прашэнне.

— Гэта была мая стратэгія. Прашэнне ніякіх плюсаў не дадасць, а толькі зробіць мяне слабейшым, дазволіць праціўнікам меркаваць, што можна ў любы момант зламаць і націснуць. Навошта даваць праціўніку гэта?

— Калі ты знаходзіўся за кратамі, пра што ты марыў?

— Каб сябе змяніць у лепшы бок, даведацца, хто я ёсць, што мне падыходзіць, і як увогуле дзейнічаць. Я займаўся медытацыяй, шмат чытаў. Мне было вельмі цікава пазнаваць сябе. І я спадзяюся, што пэўных вынікаў я ў гэтым дасягнуў.

— Ці ты вызначыўся з тым, што далей рабіць?

— У стратэгічным плане — так. Але ў дробязях яшчэ не. Буду я вучыцца, ці не, яшчэ не ведаю. Пагляжу, наколькі мне навучанне дапаможа ў далейшай дзейнасці. А гэта будуць журналістыка і палітыка.

— Варыянт ад’езду не разглядаеш?

— Толькі калі адпачыць ці падлячыцца нейкі час за мяжой. Але зусім з’язджаць, як гэта зрабіў Саннікаў, ці іншыя «палітычныя», я не збіраюся. Я не лічу гэта мэтазгодным. Гэтыя людзі папросту збеглі. Яшчэ ў турме я вызначыўся, што калі ў нашай краіне ты пачынаеш займацца апазіцыйнай палітыкай, то трэба адразу разумець, што за гэта можа пацярпець сям’я, могуць узнікнуць праблемы, могуць пасадзіць, забіць. І да гэтага трэба рыхтавацца. А калі не гатовы, то не лезь. Каб потым не апраўдвацца сям’ёй. Бо ты сам іх уцягнуў у гэта, калі пайшоў у палітыку. Ты зрабіў крок, і атрымаў ад улады крок у адказ, які глупа было не чакаць. Ад самага пачатку трэба ўзважваць — зможаш ты ці не.

— Чатыры з паловай гады за кратамі цябе нечаму навучылі, ці дзяржава забрала ў цябе адныя з лепшых гадоў жыцця?

— Гэтае зняволенне было мне неабходным, каб я пабачыў усё і паспытаў знутры. Бо гэтая ўлада не вечная, яна зменіцца, і калі будзе магчымасць быць у новай уладзе, я буду ведаць, якія змены неабходныя нашай пенітэнцыярнай сістэме. У мяне за гэты час змяніліся шмат якія погляды на жыццё. Засталіся тыя базавыя, за якія я, можна сказаць, і сядзеў. У астатнім я цалкам іншы.

Размаўляла Марына Міхневіч