Домой Культура Выходзіць новая кніга ўраджэнца Бабруйска, гісторыка Ігара Мельнікава

Выходзіць новая кніга ўраджэнца Бабруйска, гісторыка Ігара Мельнікава

Унікальнае выданне пра савецка-польскую мяжу пабачыць свет ужо на пачатку верасня ў выдавецтве «Галіяфы».

Кніга «Мяжа ла Заслаўя. 1921-1941 гады» распавядзе чытачам, як жылі людзі на памежжы з абодвух — беларускага і польскага — бакоў, як у мірны час, так і пасля прыходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, і на самым пачатку Вялікай айчыннай вайны ў 1941 годзе.

Аўтар абяцае шмат цікавых і невядомых раней фактаў з гісторыі былой «рыжскай» мяжы пад Заслаўем, а таксама больш за сотню арыгінальных архіўных фотаздымкаў, у тым ліку каляровых, што будуць ілюстраваць выданне.

Ігар Мельнікаў шмат год займаецца вывучэннем невядомых старонак гісторыі Заходняй Беларусі. На пачатку бягучага году з друку выйшла ягоная першая кніга, прысвечаная гэтай тэматыцы «Заходнебеларуская Атлантыда». Падчас прэзентацыі ў студзені гісторык паабяцаў хуткі выхад другой кнігі.

У аснову «Мяжы ля Заслаўя», як і папярэдняй кнігі, пакладзеныя дакументы з беларускіх, польскіх, расейскіх архіваў, вусныя ўспаміны тых, хто яшчэ памятае тыя часы, матэрыялы з асабістай калекцыі спадара Мельнікава.

Ігар Мельнікаў нарадзіўся ў красавіку 1980 года ў Бабруйску. Вучыўся ў сярэдняй школе № 2. Пасля пераезду ў Менск працягнуў вучобу ў школе № 70. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, спецыяльнасць — гісторыя і замежныя мовы. Потым навучаўся ў Варшаве, дзе атрымаў ступень магістра паліталогіі. Спецыялізуецца на вайсковай гісторыі ХХ стагоддзя. Мае ступень кандыдата гістарычных навук.

Марына Міхневіч