Домой Общество Выбары на Магілёўшчыне: хроніка няроўнага змагання

Выбары на Магілёўшчыне: хроніка няроўнага змагання

У Бялынічах кандыдату ў дэпутаты ледзь удалося прабіцца на сустрэчу з выбаршчыкамі, хоцімскага кандыдата суправадзілі ў пастарунак, піша «Тут і Цяпер».

Бялынічы. На сустрэчу з выбаршчыкамі на прадпрыемстве-філіяле знакамітай «Бабушкиной крынки» з кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага Сходу намеснікам старшыні КДК краіны Аляксандрам Агеевым ледзь удалося прабіцца другому кандыдату па гэтай жа акрузе Рыгору Кастусёву.

Вось яго рэакцыя на гэта:

— Пра тое, што ў Аляксандра Агеева запланавана сустрэча з выбаршчыкамі бялыніцкага цэха па вытворчасці сыроў ААТ «Бабушкина крынка», я даведаўся ад сваёй даверанай асобы, бялыніцкага актывіста партыі БНФ Мікалая Мяцеліцы. А яму паведамілі пра гэта знаёмыя работнікі прадпрыемства, сказаўшы, што ім загадалі быць на сустрэчы з кандыдатам раніцай, яшчэ да пачатку рабочай змены. Я таксама вырашыў наведаць гэтую сустрэчу, каб давесці работнікам прадпрыемства свой пункт гледжання на іх праблемы. Але, калі мы раніцай разам з Мікалаем Мяцеліцам прыйшлі да варот прадпрыемства, то ахова не прапусціла нас на тэрыторыю. Нам пашанцавала, бо мы прыйшлі раней за сп. Агеева і яго прадстаўніцу акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90 (яна ж і дырэктар цэха на прадпрыемстве) Тамару Галёта, якая яго суправаджала. Яны доўга раіліся паміж сабой, што з намі рабіць. Паколькі і мы не адступалі, нам урэшце дазволілі прысутнічаць. Сп. Агееў выступаў доўга, пакінуўшы мне літаральна некалькі хвілін. Аднак я паспеў сказаць галоўнае — звярнуць увагу рабочых на адносіны камісіі і праўладнага кандыдата да кандыдата ад дэмакратычных нацыянальных сіл. Ну і, зразумела, выказаўся наконт нашых, беларускіх выбараў, над якімі смяецца ўвесь цывілізаваны свет і якія падабаюцца толькі што самой спн. Ярмошынай. Дарэчы, людзі станоўча ўспрынялі маю прамову, бо пасля заканчэння сустрэчы за межамі прадпрыемства да нас падыходзілі вольныя ад працы работнікі, каб выказаць сваю падтрымку.

Хоцімск. Супрацоўнікі міліцыі прымусілі кандыдата ў дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду» Валерыя Каранкевіча згарнуць пікет, які ён і разгарнуць як след не паспеў. Больш за тое, яго суправадзілі ў пастарунак.

Распавядае Валеры Каранкевіч:

— Як кандыдат па выбарчай акрузе № 83 я ладзіў свой першы ў Хоцімску пікет з мэтай правядзення інфармацыйна-агітацыйнай работы з землякамі. Толькі пачалі падыходзіць да нас людзі, як з’явіліся міліцыянты. Пры тым, што пікет мы ладзілі якраз там, дзе было дазволена райвыканкамам — на мясцовым стадыёне. У пастарунку міліцыянты ўзялі з мяне пісьмовае тлумачэнне і адпусцілі, хаваючы свае вочы. А ў прыватнай гутарцы па-за межамі кабінета паведамілі, што кіруючы справамі райвыканкама сп. Васіль Мітранкоў праінфармаваў (данёс на больш дакладнай мове) пра пікет выконваючую абавязкі раённага пракурора спн. Ірыну Хучаву, а тая, хутчэй за ўсё, і распарадзілася далучыць да аперацыі міліцыянтаў. Пры гэтым відавочна, што ні гэтыя службовыя асобы, ні міліцыянты не баяцца адказнасці за іх. Вось гэта і стане тэмай маіх наступных сустрэч з выбаршчыкамі. У краіне мае месца адкрытая кругавая парука прыхільнікаў улады і яе службоўцаў, нягледзячы на законы, імі ж прынятыя. Ім загадзя ўсё даравана, абы яны не прапусцілі нежаданага кандыдата. Хачу нагадаць, аднак, што такія парушэнні не маюць тэрміну даўніны… Тым часам мой апанент на выбарах намеснік старшыні аблвыканкама сп. Уладзімір Краўцоў спакойна праводзіць сустрэчы на прадпрыемствах і ва ўстановах, а нам ніяк не ўдаецца ўзгадніць іх з адміністрацыямі. Ды і робіцца гэта ў рабочы час, што заканадаўствам не дапускаецца. Я ўжо не кажу пра такія дробязі, як суправаджэнне па тэрыторыі раёна гэтага высокага чыноўніка работнікамі рознага рангу нашага райвыканкама на службовых машынах. Ясна, што такое па заканадаўстве, ды і па маралі, недапушчальнае…

Сямён БАРЫСАЎ

«Тут і Цяпер»