Домой Культура Вiктар Жыбуль: «Адчування таго, што «авангардызм памёр», у мяне няма…»

Вiктар Жыбуль: «Адчування таго, што «авангардызм памёр», у мяне няма…»

Як мы ўжо пісалі, паэт-авангардыст Вiктар Жыбуль нядаўна прэзентаваў у Бабруйску зборнiк вершаў «Стапелii». Пасля сустрэчы с чытачамi лiтаратар адказаў на некалькi нашых пытанняў.

Вы столькi вершаў на прэзентацii прачыталi на памяць, прычым не толькi свае У вас такая фенаменальная памяць?

Не сказаў бы, што памяць у мяне фенаменальная. Хутчэй выбарачная. Я памятаю далёка не ўсе свае вершы, а з чужых запамінаю толькі тое, што найбольш уражвае, што я прачытваю не адзін, а некалькі разоў. На паэтычных выступах люблю чытаць «без паперкі», інакш у адваротным выпадку ўся ўвага пачынае канцэнтравацца менавіта на паперцы, а не на змесце, настроі і гучанні верша. Спевакі і акторы ж выступаюць без паперак.

У вас ёсць верш «Наша жыццё гэта порна!». Вы насамрэч так мяркуеце?

Гэта было гратэскавае перабольшанне з элементам лёгкай правакацыйнасці. Аднак, мяркуючы па тым, што гэты верш («Сенегал») часта цытуюць, а відэа з маім чытаннем яго даволі актыўна распаўсюджваюць у сацыяльных сетках, складваецца ўражанне, што ў нейкім сэнсе я трапіў у кропку.

Распавядзiце аб перфомансе, якi вы зладзiлi з бабруйчанiнам Змiцерам Серабраковым у 1999 годзе.

Тады, у 1999 годзе, наш агульны сябар, паэт і мастак Зміцер Вішнёў стварыў перформер-групу пад назвай «Спецбрыгада афрыканскіх братоў». На міжнародным фестывалі «Навінкі-99» «Спецбрыгада» збіралася выступіць з перформансам «Культ асобы», падчас якога меркавалася ўрачыста ўнесці Вішнёва ў Палац мастацтваў у самай сапраўднай труне, прачытаць над ім канцэптуальную надмагільную прамову, закалаціць труну і зладзіць імітацыю хаўтураў.

Але спачатку трэба было гэтую труну набыць і прывезці на часовае захаванне ў Палац мастацтваў, дзе Зміцер Вішнёў працаваў літкансультантам.

Меркавалася, што на пакупку труны прыйдуць шасцёра ўдзельнікаў «Спецбрыгады», аднак прыйшло толькі трое: Зміцер Вішнёў, Зміцер Серабракоў і я. Машыну для перавозкі мы не замаўлялі вырашылі зэканоміць і неяк дацягнуць сваімі сіламі.
Натуральна ж, гэта было нялёгка: труна патрапілася цяжкая, збітая, як падалося, з сырых дошак (выбіралі самую танную). Мы з Вішнёвым неслі труну, а Серабракоў накрыўку. Дацягнулі да прыпынку, а там дачакаліся найбольш свабоднага тралейбуса, увапхнулі ў заднія дзверы труну і паставілі яе там вертыкальна. Пасажыры нават і не ведалі, як на такое рэагаваць. Тралейбус (а ён меў яшчэ і 13-ы нумар) завёз нас крыху не туды, і труну давялося цягнуць яшчэ і праз увесь цэнтр горада, у тым ліку праз парк імя Горкага.

Праз некалькі дзён адбыўся фестываль, але Зміцер Серабракоў патрапіць туды не здолеў яго замяніў іншы «афрыканскі брат». Так што ўдзельнічаў Зміцер не ў самім перформансе «Культ асобы», а дапамагаў у яго падрыхтоўцы, якая сама па сабе выглядала відовішчна, як яшчэ адзін асобны перформанс.

Якую лiтаратуру вы любiце чытаць самi?

Чытаць люблю творы Гіёма Апалінэра, Раймона Кено, Джуліяна Барнза, Барыса Віяна, Веліміра Хлебнікава, Данііла Хармса, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Лукаша Калюгі, Алеся Разанава, Алеся Наўроцкага, Міколы Купрэева, Юрыя Станкевіча, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Іллі Сіна Апошнім часам даводзіцца нярэдка спалучаць прагу да чытання з, так бы мовіць, прафесійным абавязкам напрыклад, каб прачытаць і заадно напісаць аб прачытаным чарговы артыкул. Шкадую, што часу, які я мог бы прысвяціць проста «вольнаму» чытанню, у мяне не так шмат, як хацелася б.

Цi ёсць будучыня ў авангардызма? Бо iснуе меркаванне, што гэты стыль мастацтва памёр яшчэ ў першай палове XX стагоддзя

Адчування таго, што «авангардызм памёр», у мяне няма. Мне здаецца, што праблема «памірання» ў сферы літаратуры, мастацтва, навукі ўвогуле адсутнічае. Тое, што было калісьці створана, ужо трапіла ў вечнасць і можа быць паднятым з нябыту ў любы момант. Літаратура (як і мастацтва ўвогуле) развіваецца па спіралі, і эпоха авангарду таго авангарду, які быў у першай палове ХХ стагоддзя не з’яўляецца чымсьці «аднаразовым», а пасля часовага заняпаду здольная ажыць у новай якасці, уваскрэснуць, як птушка Фенікс.

Магчыма, гэты авангард будзе істотна адрознівацца ад таго, ранейшага, але але ён будзе.

Аб чым i якой будзе ваша наступная кнiга?

Мая наступная кніга паэзіі будзе называцца «Дзяцел і дупло». Сваім зместам і настроем яна будзе істотна адрознівацца ад папярэдняй, філасафічна-дэкадэнцкай «Стапеліі»

Асноўныя складнікі новай кнігі гратэск, іронія, абсурд. У яе ўвойдуць пераважна вясёлыя і сцёбныя рэчы, якія часта гучалі са сцэны, у тым ліку на слэмах: «Маньякі», «Сенегал» (дарэчы!), «Дзяўчына цяжкіх паводзінаў», «Гальванічная трагедыя», «Ода кланаванню», «Серыйны самазабойца», «Доктар Алкаголь», цыкл «Неаднойчы прабіты» пра кантралёраў, квіткі і кампостэры, і шмат чаго іншага