Домой В стране Віктар Бабарыка азнаёміўся са сваёй крымінальнай справай. Адвакат: абвінавачанне не даказана

Віктар Бабарыка азнаёміўся са сваёй крымінальнай справай. Адвакат: абвінавачанне не даказана

віктар
Віктар Бабарыка знаходзіцца за кратамі ўжо сем месяцаў, ад 18 чэрвеня. Фота: Надзея Бужан

Віктар Бабарыка і яго адвакаты азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Па словах адваката Дзмітрыя Лаеўскага, у справе ёсць шэраг аб’ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму вылучана ў абвінавачванні.

Тэрмін, адведзены абароне Віктара Бабарыкі на азнаямленне з крымінальнай справай, скончыўся 16 студзеня.

— Мы з калегам Наталляй Мацкевіч прачыталі матэрыялы. І, абапіраючыся ўжо на ўвесь гэты масіў інфармацыі, прыйшлі да высновы, што ў дачыненні да нашага падабароннага абвінавачванне не даказана. Наадварот, ёсць шэраг аб’ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму выстаўлена ў абвінавачванні. Таму мы зноў заявілі аб неабходнасці спынення крымінальнага пераследу, — распавёў Лаеўскі Tut.by.

Аб накіраванні справы пракурору адвакаты даведаліся са СМІ. Афіцыйна орган следства — КДБ — іх пра гэта не паведамляў.

Акрамя таго, адвакат адзначае, што прыкладна з сярэдзіны снежня па ўчорашні дзень, гэта значыць больш за месяц, абаронцы не дапускаліся для наведвання ў следчы ізалятар. Таму Віктар Дзмітрыевіч быў пазбаўлены магчымасці атрымліваць кансультацыі сам-насам і канфідэнцыйна.

— Нам не дазволена капіяваць матэрыялы справы. Наш калега па абароне Віктара Бабарыкі, адвакат Аляксандр Пыльчанка пазбавіўся права ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць. Падставай для гэтага стаў прававы каментар у СМІ. Адвакат Віктара Бабарыка па пытаннях выбарчага права Максім Знак заключаны пад варту ў СІЗА. У такой абстаноўцы ажыццяўляецца абарона на сённяшні дзень — падсумаваў Дзмітрый Лаеўскі.

nn.by

Фота на галоўнай старонцы: nn.by