Домой В стране Важныя змены: пасля афармлення нават дробнага ДТЗ могуць забраць правы на 2...

Важныя змены: пасля афармлення нават дробнага ДТЗ могуць забраць правы на 2 гады

даі

Партал Onliner.by звярнуў увагу на важныя змены ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях. Яны ўступілі ў сілу 1 сакавіка 2021, але засталіся незаўважанымі. Цяпер кожная дробная аварыя пагражае кіроўцу пазбаўленнем правоў — але толькі ў выпадку, калі на месца прыехала ДАІ. Калі ж кіроўцы разышліся з афармленнем еўрапратакола, то пакарання не будзе.

Як было да 2018 года?

Прыехаўшы на месца здарэння, даішнікі пыталіся ў пацярпелага, ці просіць ён суровага пакарання для вінаватага. Калі ў пратакол заносілася такая пазнака, кіраўніцтва ДАІ выклікала вінаватага на разгляд, дзе прымалася рашэнне, ці забраць правы, ці абмежавацца штрафам.

Як было ў 2018-2021?

У заканадаўства ўнеслі змены. ДАІ прыязджала на месца здарэння і штрафавала вінаватага кіроўцу толькі за тое парушэнне, якое прывяло да аварыі — напрыклад, за праезд на чырвонае святло або парушэнне правілаў манеўравання. Дадатковага пакарання быць не магло.

Як стала з 1 сакавіка 2021?

Змянілася азначэнне «аварыйнай абстаноўкі». Цяпер пад ёй разумеюць не толькі вымушаную змену хуткасці ці кірунку руху, але і абсалютна любое пашкоджанне аўтамабіля. Таму калі ДАІ афармляе любое здарэнне, на кіроўцу складаюць пратакол і за прычыну аварыі (той самы праезд на чырвонае), і за стварэнне аварыйнай абстаноўкі. А гэта дадатковы штраф памерам ад 5 да 20 базавых велічынь з магчымасцю пазбавіць правоў на 2 гады.

Пры гэтым для вінаватага ў здарэнні па-ранейшаму захоўваецца магчымасць пазбегнуць дадатковага пакарання — дамовіцца з пацярпелым на еўрапратакол. Калі ДАІ не прыедзе на афармленне, то і караць нікога не зможа.

Нагадаем, еўрапратакол можна складаць, калі: у аварыі ўдзельнічалі толькі дзве машыны; абодва кіроўцы цвярозыя, з правамі і са страхоўкамі; няма шкоды здароўю кіроўцаў; вінаваты прызнае свае віну; памер шкоды не перавышае 800 еўра.

 

nn.by
Фота на галоўнай старонцы: avtoradio.ru