Домой Общество Вандроўка па горадзе, альбо небяспечныя прыгоды інвалідаў-вазочнікаў

Вандроўка па горадзе, альбо небяспечныя прыгоды інвалідаў-вазочнікаў









Часам цяжка сабе ўявіць тыя складанасці, якія ўзнікаюць у людзей з абмежаванымі магчымасцямі падчас руху па горадзе. Гэтая тэма застаецца ў цені палітычных і іншых грамадскіх падзеяў і не заўсёды знаходзіць неабходнай увагі на афіцыйным узроўні.

Нават людзі, якія ўзначальваюць аб’яднанні інвалідаў, кажуць, што ўсё добра, маўляў, ніякіх перашкодаў няма. Аднак мне на асабістым вопыце давялося ўбачыць адваротнае…

22 верасня Анастасія Фёдарава запрасіла мяне праехаць па складаных месцах горада: маршрут, па якім яе сяброўка (таксама інвалід-вазочнік) вымушаная ездзіць штодзённа.

Што ж, добрая нагода, каб паспытаць на сабе ўсе цяжкасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Шлях пралягаў па вуліцы Чангарскага да Авіягарадка. Выехалі мы з плошчы Перамогі, а трэцяй гадзіне ўдзень. Накіраваліся на Чангарскую вуліцу адразу па Савецкай, а потым па Карла Маркса. Усё падавалася добрым. Ехаць на вазку прызвычаіўся і нават выпрабоўваў, як ён сябе паводзіць.

Да Чангарскай пад’ехалі амаль без перашкод. Толькі пры набліжэнні да вуліцы напаткалі бардзюр, на які немагчыма ўзняцца самастойна. Гэта быў першы сігнал, што складанасці пачынаюцца.

Пад’ехалі да месца сваіх выпрабаванняў. Адразу ж давялося абіраць бок вуліцы, па якім нам ехаць. Тратуары не надта шырокія, а тут амаль усю яго шырыню займаюць прыступкі да крамы. Ля месца, дзе некалі размяшчаўся «птушыны рынак» сутыкнуліся з такой велічыні бардзюрамі, што на іх нават з дапамогаю не ўскараскаешся. Таму некаторы прамежак давялося ехаць па праезжай частцы, што маецца даволі небяспечным.

Падобных перашкод на нашым шляху было шмат. «То яма, то канава» — як кажуць. Ехаць мелася небяспечным, можна было нават галаву разбіць перакуліўшыся. І каб не дапамога, то ляжалі б мы ўжо ў бальніцы.

— Дапамога — гэта, канешне, добра, — кажа Настасся. — Аднак нам патрэбна самстойнасць. Мы — такія ж людзі, таксама хочам часам пахадзіць па горадзе ў адзіноце. Але тое не падаецца магчымым. Нам аказваюць сацыяльную дапамогу, але падаецца, што скіравана яна на дысацыялізацыю інвалідаў-вазочнікаў. Калі вучышся, то настаўнікі прыходзяць да цябе на дом, тое ж і з кружкамі. Але я жадаю быць з усімі, быць нароўні.

Да пункту прызначэння мы даехалі праз амаль дзве гадзіны. Назад — вырашылі на аўтобусе. Чакалі 40 хвілін пакуль прыйшоў той, на які мы маглі сесці.

Праездам і скончылася нашая вандроўка на вазочках.

Яўген Васьковіч

Фото Александрыны Глаголевай