Домой Общество Валер Калiноўскi: «Я спадзяюся, што сёлета Алесь Бяляцкi выйдзе на волю…»

Валер Калiноўскi: «Я спадзяюся, што сёлета Алесь Бяляцкi выйдзе на волю…»


Пасля прэзентацыi кнiгi «Справа Бяляцкага» яе аўтар — Валер Калiноўскi — адказаў на некалькi нашых пытанняў.

— Валер, што вас больш за ўсё ўразiла пры напiсаннi кнiгi? Можа даведалiся аб асаблiва цiкавых фактах з бiяграфii Алеся Бяляцкага цi нейкiя яго словы на судзе над iм асаблiва кранулi вас…

— Больш за ўсё я быў уражаны судом над iм. Панавала вельмi цяжкая атмасфера: клетка, АМАП, цiсканiна ў памяшканнi, — бо вельмi шмат людзей жадала трапiць у залу пасяджэнняў. Таксама мне вельмi запомнiўся той момант, калi Алесь даведаўся аб смяротным стане бацькi. Ён хацеў з iм развiтацца. За яго вельмi прасiла жонка Наталля Пiнчук. Але турэмная адмiнiстрацыя пусцiла яго толькi ў морг, i толькi на 15 хвiлiн. Спава ў тым, што наша занадаўства не прадугледжвае развiтання з роднымi, калi прысуд яшчэ не ўступiў у сiлу. А яго справа тады яшчэ не прайшла суд другой iнстанцыi. Гэта вельмi драматычны момант… Атрымалася вельмi не па-людзку. Бо жыццё i смерць — святыя рэчы. I Алесь дасюль яшчэ не змог наведаць магiлу бацькi…

— Цi часта вы атрымлiваеце лiсты ад Алеся Бяляцкага? Аб чым ён пiша?

— Калi я працаваў над кнiгай, i скончыў чарнавы варыянт, у мяне ўзнiкла пытанне: як можна яе дакладна напiсаць без кантактаў з iм? Каб даведацца аб дэталях, я пачаў дасылаць яму лiсты з пытаннямi. I Алесь мне дапамог. Ён пiсаў мне двойчы за тыдзень. Цяпер гэтая перапiска стала сяброўскай. Ён дасылае мне лiст, прыкладна, адзiн раз на месяц — калi ёсць нагода напiсаць нейкiя небанальныя рэчы.

— Як вы мяркуеце, цi зможа Алесь Бяляцкi выйсцi на волю раней за вызначаны тэрмiн?

— Я спадзяюся на тое, што ён у гэтым годзе выйдзе на свабоду. Ён невiнаваты, i яго трэба адпусцiць! Усё залежыць ад палiтычнай волi аднаго чалавека. Дзякуючы Еўрапейскаму Саюзу i ЗША, ідуць размовы, робяцца спробы, каб наладзiць дыялог з беларускай уладай. Краiне патрэбны крэдыты, але Мiжнародны валютны фонд адмаўляецца даваць грошы, пакуль у Беларусi ёсць палiтычныя вязнi. Гэтыя перамовы павiнны прынесцi плён.

— «Справа Бяляцкага» — ваш першы лiтаратурны вопыт?

— Так, гэта мая першая самастойная аўтарская праца. Але раней у мяне быў лiтаратурны вопыт у якасцi ўкладальнiка. Таксама мае матэрыялы на тэму этнаграфii i рэлiгiiязнаўства публiкавалiся ў беларускiх i замежных навуковых часопiсах.

— Чым вы яшчэ займаецеся акрамя працы на «Радыё Свабода»?

— Я вельмi захапляюся беларускай этнаграфiяй. Раней ездзiў у этнаграфчныя экспедыцыi ў Гародню, Магiлеў. Наведваў навуковыя канферэнцыi, выступаў з дакладамi. Люблю чытаць мастацкую замежную лiтаратуру.

— I апошняе пытанне. Як i дзе можна набыць альбо прачытаць кнiгу «Справа Бяляцкага»?

— Гэтая кнiга выйшла ў серыi «Библiятэка Свабоды». А кнiгi з гэтай серыi не прадаюцца. Прачытаць яе можна на сайце Svaboda.org, клiкнуўшы па опцыi «Бiблiятэка Свабоды». А аматары папяровай версii могуць замовiць яе па электронным адрасе: rferl.minsk@gmail.com.

Васiль Кулiкоў