Домой Культура Уладзімір Арлоў: «Беларускі нацыянальны код нам перадавалі нашыя бабулі»

Уладзімір Арлоў: «Беларускі нацыянальны код нам перадавалі нашыя бабулі»




Ужо другі раз за апошнія два гады да бабруйчан завітаў вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. Гэтым разам — з бардам Змітром Бартосікам.

Падчас творчага вечара Ўладзімір Арлоў прэзентаваў свае кнігі, што нядаўна выйшлі з друку — «Імёны свабоды» і кнігу вершаў «Свецяцца вокны, ды нікога за імі».

Асаблівую ўвагу аўтар надаў «Імёнам свабоды». У гэтай кнізе ён сабраў біяграфіі трохсот славутых дзеячоў, што працавалі на карысць адраджэння беларускай мовы, культуры, будавання беларускай нацыянальнай дзяржавы. «Імёны свабоды» аб’ядноўваюць чатыры стагоддзі. Пачынае сваю кнігу Ўладзімір Арлоў з біяграфіі Тадэуша Рэйтана, дэпутата Сейму Рэчы Паспалітай падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1773 годзе. Напрыканцы ідуць імёны нашых сучаснікаў, што пайшлі з жыцця ў ХХІ стагоддзі — Генадзь Грушавы, Арына Вячорка, Казімір Свёнтак, Юрый Гумянюк, Міхаіл Жызнеўскі і іншыя.

Спадар Арлоў зачытаў некалькі гісторый сваіх герояў. Апошнім бабруйчане пачулі аповед пра Аўгінню Дзянісаву — бабулю Ўладзімера Арлова.

«Гэта чалавек, які найбольш на мяне паўплываў», — сказаў пісьменнік перад тым, як прачытаць апошнюю гісторыю ў кнізе, прысвечаную спадарыні Аўгінні.

Спадар Арлоў распавёў, што менавіта бабуля заклала ў ім цікавасць да беларускай гісторыі, культуры, літаратуры. Увогуле, пакаленне нашых бабуль і дзядуль, паводле пісьменніка, — той падмурак, на якім захавалася беларушчына ў часы Савецкага саюза.

«Наш беларускі нацыянальны код перадавалі нам нашыя бабулі. Без маёй бабулі Аўгінні не было б мяне як пісьменніка і гісторыка, і гэтай кнігі, і нашай з вамі сустрэчы», — рэзюмаваў Уладзімір Арлоў.

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік адказаў на пытанні бабруйчан. Гасцей вечарыны цікавіла, ці пойдзе спадар Арлоў на выбары, на што ён адказаў, што хутчэй за ўсё не пойдзе. А калі хадзіў раней, то прыходзіў за пяць хвілін да сканчэння галасавання, «каб праверыць, ці не распісаўся за мяне хто».

Уладзімір Арлоў падбадзёрыў слухачоў да працы над развіццём беларускай мовы і культуры, бо «мы, беларусы, сярод тых народаў, што ўсё ж стварылі сваю нацыянальную дзяржаву, і няхай яна не такая, пра якую мы марылі на пачатку 90-х, але яна ў нас ёсць, і мы мусім адстойваць яе назележнасць і беларускасць».

У перапынках паміж прозай і вершамі Ўладзіміра Арлова і напрыканцы творчай імпрэзы, Зміцер Бартосік праспяваў бабруйчанам пераклады песен Булата Акуджавы, Змітра Сідаровіча, заснавальніка гурта «Камелот», таксама на вершы Генадзя Бураўкіна і пераклады Рыгора Барадуліна.

На развітанне Ўладзімір Арлоў паабяцаў хуткі выхад сваёй новай кнігі. Падрабязней пра кнігу і пра саму сустрэчу глядзіце ў нашым відэасюжэце.

Марына Міхневіч