Домой В регионе У Бабруйску – зноў затрыманні і арышты

У Бабруйску – зноў затрыманні і арышты

У Бабруйску перад «Маршам свабоды», які намечаны на 13 верасня, праводзяцца прэвентыўныя затрыманні і ўручэнні позваў людзям за ўдзел у папярэдніх мітынгах. Так, 11 верасня быў затрыманы Алесь Чыгір – гісторык, журналіст, былы дэпутат гарсавета.

у Бабруйску затрыманні арышты
Алесь Чыгір

Як распавяла нам жонка Аляксандра – Данута Чыгір, першапачаткова трое людзей у цывільным прыйшлі забіраць ня супруга, а яе. Прыйшлі наўпрост на месца працы – у аптэку, размаўлялі бесцырымонна, груба, дакладна не прад’явілі свае службовыя пасведчанні і не прадставіліся; патрабавалі закрыць аптэку і прайсці з імі. Яна ж настойвала выканаць законнасць і даслаць ёй позву, паведаміўшы адначасова пра візіт няпрошаных гасцей мужу. У выніку, ён неўзабаве прыйшоў, але быў затрыманы незнаёмцамі і сышоў з імі ў РАУС.

Далей стала вядома, што Аляксандра затрымалі і адправілі ў ІЧУ. Нагадаем, што раней (10 жніўня) Алесь Чыгір ужо быў затрыманы, збіты і асуджаны па артыкуле 23.34 КаАП РБ на 10 сутак арышту, пра што паведамляў «Бабруйскі кур’ер». Дануце ж, мяркуемыя супрацоўнікі міліцыі ўручылі позву ў міліцыю на 13-га верасня, 11.00, акурат перад пачаткам маршу.

Таксама, сёння раніцай быў затрыманы наўпрост у сябе дома Сяргей Гурло – працоўны ААТ «Белшына», мясцовы лідэр незалежнага прафсаюза. Учора і сёння людзі ў цывільным прыходзілі дадому яшчэ да адной бабруйскай актывісткі Любові Санкевіч, але дзверы яна ім не адкрыла, настойваючы на ​​дасыланні позвы ў адпаведным законе парадку.

 

Антон Пуціла
Фота аўтара