Домой В регионе У Бабруйску знік пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў

У Бабруйску знік пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў

БелаПАН Алесь АсіпцоўЖурналіст знік пасля акцыі «Антыпарад» у суботу і дадому не вяруўся, – паведамляе служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Каля 13-й гадзіны дня у суботу з ім размаўляла мясцовая журналістка. Алесь распавёў, што сеў у машыну да некага з удзельнікаў акцыі пратэсту і яны ездзяць па горадзе. Неўзабаве ён перастаў выходзіць на сувязь.

Алесь Асіпцоў – пазаштатны карэспандэнт «БелаПАН». Жыве ў Магілёве. У Бабруйск прыехаў асвятляць акцыю аўтамабілістаў «Антыпарад», якая планавалася тут на Дзень перамогі.

Як распавяла журналістка з Бабруйску Марына Маўчанава, з самай раніцы Алесь быў з ёй на сувязі, яны сазваніваліся і распавядалі адзін аднаму, што дзе ў горадзе адбываецца. У 12.38 Марына чарговы раз яму патэлефанавала. Асіпцоў распавёў, што сеў у машыну да ўдзельнікаў акцыі і яны разам недзе ездзяць па горадзе. А ўжо праз некаторы час калегі журналіста пачалі пісаць, што ён не выходзіць на сувязь.

«Сапраўды, тэлефон быў недасяжны. Але ў нас падчас акцыі пратэсту глушылі інтэрнэт, шмат да каго цяжка было дазваніцца, таму спачатку не хваляваліся. Але Алесь не выйшаў на сувязь і ўвечары», – кажа Марына.

Падчас «Антыпараду» затрымалі каля 20 чалавек – удзельнікаў акцыі. К вечару іх сталі адпускаць, але ці ўсе выйшлі на волю – дакладна невядома.

Паводле калегаў Асіпцова, і яны, і ягоная жонка ўчора тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС, там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб знікненні.

https://baj.by/be/

 

Ад рэдакцыі «БК». Як паведамляе https://www.svaboda.org/, «дачка журналіста прасачыла тэлефон бацькі праз адмысловую праграму — апарат знаходзіцца ў Бабруйску, на вуліцы Гогаля, 18. Гэта аддзел міліцыі Ленінскага раёну Бабруйску».

Пазней на сайце https://baj.by/be/  з’явілася інфармацыя аб тым, што Алесь Асіпцоў, верагодна, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве і ў панядзелак над журналістам пройдзе суд. Па якім артыкуле — невядома.

Дададзена ў 19:00 — там жа. Жонцы журналіста афіцыйна паведамілі, што Алесь Асіпцоў сапраўды знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве. У панядзелак над ім пройдзе суд «па адміністрацыйнай справе». Хутчэй за ўсё размова ідзе пра абвінавачанне ва ўдзеле ў акцыі.