Пятага ліпеня скончылася правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання. У Бабруйску выяўлена адно сур’ёзнае парушэнне.
Гэта адбылося на здачы тэставання па англійскай мове.
— Была занадта відавочная неадпаведнасць, — кажа дырэктар Бабруйскага філіяла БДЭУ спадар Уладзімір Гаўрыленка. — Па пашпарту — адна асоба, а ў наяўнасці — іншая.
Але арґанізацыйная камісія адразу выявіла неадпаведнасць і не дапусціла ілжэабітурыентку да здачы тэсціравання. Гэта быў адзіны выпадак па Бабруйску такога кшталту ў гэтым годзе.
Усяго ў Бабруйскім філіяле БДЭУ здавалі цэнтралізаванае тэставанне па дзесяці прадметам. Было зарэгістравана агулам 12935 чалавек; не з’явіліся — 359. Лідэрамі па набраных балах, па дадзеных на пятае ліпеня, з’яўляюцца сусветная гісторыя (98 балаў — адзін чалавек), беларуская (97 балаў — адзін чалавек) і руская (97 балаў — два чалавекі) мовы.
Усе вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і ўручэнне сертыфікатаў аб здачы будзе праводзіцца сёмага ліпеня.
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота Міхаіла ЛАРЧАНКІ