Домой Общество У Бабруйску святкуюць 100-годдзе асвячэння мясцовага касцёла

У Бабруйску святкуюць 100-годдзе асвячэння мясцовага касцёла

9 верасня спаўняецца 100 гадоў, як быў асвечаны касцёл Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi. Адбылася гэтая падзея ў 1912 годзе. Хоць сваю гісторыю ён вядзе значна раней — у 1903 годзе касцёл быў заснаваны, а ў 1906 годзе пабудаваны ў неагатычным стылі.

Напярэдадні знамянальнай даты, 8 верасня, у касцёле прайшла Святочная Iмша, у якой прынялі ўдзел святары, дьяканы, пробашчы з Беларусі. Узначаліў яе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Увечары гэтага дня тут таксама прайшоў канцэрт вакальнага ансамбля з Заслаўя «АNTHAEМ». Гэта лацінскае слова азначае жанр харавой музыкі, які адпавядае жанру псальма. Калектыў выканаў акапэльна каталіцкія і праваслаўныя духоўныя спевы. Яго выступ стаў добрым падарункам для вернікаў горада і ўсіх аматараў сапраўднай музыкі, якая ўзвышае душу.
Сёння касцёл наведвае каля 1500 чалавек. Тут дзейнічае нядзельная школа для дзяцей і катэхiчная праграма для моладзі. На працягу апошніх сямі гадоў прыход ўзначальвае ксёндз Юры Быкаў. Усе гэтыя гады ён звяртаецца да мясцовых уладаў з просьбай перадаць касцёл у распараджэнне вернікаў, але пакуль усё безвынікова.

«Нам гэтае памяшканне перад фасадам касцёла непатрэбна. Мы хочам вярнуць яму першастны выгляд — надбудаваць разбураную вежу-званіцу. І каб прылеглая тэрыторыя належала касцёлу, каб можна было здзяйсняць розныя працэсіі. Дрэнна, што побач з касцёлам размешчаны мікрарынак, розныя гандлевые кропкі. На сення — гэта адзiны касцёл у Беларусі, з якім пакуль нічога не вырашана. Мы б ужо даўно маглі пачаць нешта рабіць сваімі сіламі», — кажа пробашч Юрый Быкаў.

Вольга АСОКIНА