Домой Культура У Бабруйску прайшоў вечар памяці Уладзіміра Мулявіна

У Бабруйску прайшоў вечар памяці Уладзіміра Мулявіна

Вучнi курсаў «Мова нанова» і прыхільнікі творчасці вялікага «песняра» адзначылі яго 75-годдзе.

Вечар памяці Мулявіна зладзiлi у тайм-клубе «1387» 15 студзеня. Каля 20 чалавек сабралося, каб паслухаць знакамiтыя песні музыкі і ўзгадаць ягоны жыццевы шлях.

Бабруйск, Уладзімір Мулявін, Муля, "Песняры", вечар памяці, вучнi курсаў, "Мова нанова"

Бабруйск, Уладзімір Мулявін, Муля, "Песняры", вечар памяці, вучнi курсаў, "Мова нанова" Вядучыя імпрэзы – выкладчыцы курсаў «Мова нанова», зрабілі невялічкую прэзентацыю па біяграфіі галоўнага «песняра». Паралельна з расповедам аб жыцці Мулявіна яны адказвалі на шматлікія пытанні ад аўдыторыі.

Варта адзначыць, што сярод прысутных знайшліся сапраўдныя аматары творчасці музыкі. Яны выступалі з дапаўненнямі да прэзентацыі і ўспаміналі шмат цікавых, але малавядомых гісторый пра «Мулю».

Дарэчы, менавіта так – Мулем – яго заўседы клікалі сябры і людзі з музычнай «тусоўкі».

У памяці тых, хто меў гонар ведаць яго асабіста, ён назаўжды застаўся светлым, добрым чалавекам, які глядзеў на свет дзіцячымі вачыма.

Пасля размовы пра жыцце «песняра» аўдыторыі было прапанавана адказаць на пытанні наконт беларускіх паэтаў, чыі вершы гучалі ў знакамітых песнях гурта.

З прысутных менавіта моладзь адказвала наймеш актыўна на пытанні, дзе трэба было ўзгадаць паэтаў па партрэтах. Але радкі з іх вершаў, асабліва тыя, што вывучаюцца па школьнай праграме – яны цытавалі разам з дасведчанымі філолагамі.

Напрыканцы імпрэзы наведвальікі тайм-клубу праслухалi ўлюбёныя ўрыўкі з песень Уладзiмiра Мулявіна і «Песняроў»: «Малітва», «Вераніка», «Пагоня» і шмат iншых.

Многія падпявалі. Увесь час узгадваліся словы Джона Ленана: «Гэты гурт трэба слухаць стоячы».

Нататка «БК». Уладзімір Мулявін нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў Свярдлоўску (зараз Екацерынбург). У 1963 годзе быў запрошаны на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію, на базе якой у 1968-м стварыў ВІА «Лявоны». У 1970-м «Лявоны» змянілі назву на «Песняроў». Хутка гурт стаў сусветна вядомым, гастраляваў па ЗША ў гады «Жалезнай заслоны». У 2002-м годзе Уладзімір Мулявін патрапіў у аўтакатастрофу, праз восем месяцаў ён памер ад ускладненняў. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.

Александрына Глаголева