Домой Культура У Бабруйску прайшоў творчы вечар паэта Віталя Рыжкова

У Бабруйску прайшоў творчы вечар паэта Віталя Рыжкова

Літаратар прэзентаваў кнігу вершаў «Дзверы, замкнёныя на ключы».

Сустрэча з маладым, але ўжо вядомым магілёўска-менскім паэтам Віталем Рыжковым адбылася дзясятага лістапада, у офісе адной з мясцовых арганізацый.

Каля трыццаці чалавек завіталі ў гэты вечар у краіну Паэзіі. Госця прадставіў пісьменнік, галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка, які адзначыў, што праз Віталя Рыжкова да нас прыйшла сучасная, еўрапейская паэзія.

У пачатку вечара паэт распавёў пра свой погляд на беларускую літаратуру. Ён прызнаўся, што ў сваёй творчасці заўсёды, з самага пачатку, імкнуўся да таго, каб яго творы былі незвычайнымі.

Потым цягам гадзіны гучалі вершы з перавыдадзенай нядаўна кнігі «Дзверы, замкнёныя на ключы».

Трэба сказаць, што паэта адрознівае вельмі цікавая манера выканання сваіх вершаў. Якая дапамагала слухачам пранікнуцца рытмам, пачуццём і сэнсам пачутых радкоў.

Віталь Рыжкоў пазнаёміў прысутных з уласнымі творамі, а потым — са сваімі перакладамі грузінскага паэта Гогі Нахуцрышвілі, украінскага — Сяргея Жадана, амерыканскіх — Майкла Сэлінджэра і Тэйлара Мэлі.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства слухачы з задавальненнем бралі аўтографы ў літаратара і працягвалі задаваць яму пытанні.

Васіль Кулікоў