Домой Культура У Бабруйску прайшла сустрэча з Лёхам Чыканасам

У Бабруйску прайшла сустрэча з Лёхам Чыканасам



12 ліпеня ў Бабруйску адбылася «прэм’ерная» чытка дзьвюх п’ес маладога беларускага драматурга Лёхі Чыканаса.

У спадары Чыканасе злучыліся разнастайныя таленты. Ён быў журналістам палітыка-сатырычнай газеты «Навінкі», а таксама стаў вядомы як аутар й выканаўца песень. Удзельнічаў у шматлікіх фестывалях мастацтваў. У 2012-14 гг. быў задзейнічаны ў спэктаклях Беларускага Вольнага тэатру.

Зрэшты, у 2014-м годзе драматург вырашыў цалкам сканцэнтравацца на сваіх рэчах. Бабруйскай аудыторыі ён прапанаваў прэм’еру камічнай оперы-буф «Нячысты дух беларускага барока» й драматычнай п’есы «Двое лішнія, трэці — праз меру», якая ўпершыню прагучала на беларускай мове.

У мінулым годзе п’еса «Двое лішнія…» увайшла ў шорт-ліст міжнароднага фестывалю «Любимовка».

Ладзячы дыялёг з гледачамі пасьля чытаньня, пан Лёха распавёў пра тое, што гэты твор на 90% заснаваны на рэальных падзеях. У ягонай аснове ляжыць гішторыя знаёмай аўтара — Алены, хворай на рассеяны склероз, якая загінула ў 35 год.

Чыканас адзначыў: «Для мяне гэта быў спосаб, каб яна яшчэ пажыла».

Напрыканцы імпрэзы гледачы абмеркавалі сёньняшняе становішча «Вольнага тэатру». Гэты андэграўндны праэкт зьбірае найбуйнешыя пляцоўкі за мяжой, але ў Беларусі не мае сваёй сцэны — спэктаклі ладзяцца ў невялічкіх аўдыторыях на 30-40 гледачоў. На жаль, беларускія ўлады не зацікаўленыя ў падтрымцы сьмелых наватарскіх начынаньняў.

Бабруйчане цёпла сустрэлі п’есы Лёхі Чыканаса. Напрыканцы кожнай апладысьменты пераходзілі ў авацыі. Гэта ўжо трэці візіт таленавітага аўтара ў наш горад.

Александрына Глаголева