Домой Культура У Бабруйску адбылося адкрыцце выставы «Кола агню»…

У Бабруйску адбылося адкрыцце выставы «Кола агню»…














…а ў пленэра па кераміцы «Арт-Жыжаль» з’явілася ўласная песня

Восьмага жніўня ў выставачнай зале мастацкага музея імя Рыгора Паплаўскага адбылося адкрыцце выставы «Кола агню». Гэта выніковая выстава 10-га Міжнароднага пленэра па кераміцы «Арт-Жыжаль», які цягам трох тыдняў доўжыўся на базе адпачынку ААТ «Фандок» Вярбкі. Пленэр праводзіўся па ўжо традыцыйнай тэме «Скульптура ў прасторы інтэр’ера». У ім бралі удзел 25 керамістаў з дзевяці краін свету: Беларусі, Азербайджана, Венесуэлы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расеі і Украіны.

На адкрыцці выставы было шматлюдна: акрамя ўдзельнікаў юбілейнага пленэра ды аматараў керамічнага мастацтва, былі замежныя госці — Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Амерыко Дыас Нуньес, дараднік Пасольствы Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Віктар Малашэнка.

Акрамя іх, на ўрачыстым адкрыцці слова трымалі старшыня бабруйскага гарвыканкаму Дзмітрый Бонахаў, начальнік аддзела культуры гарвыканкаму Ірына Роскач, удзельнік пленэру, кераміст Мір-Теймур Мамедаў (Азербайджан), кіраўнік «Арт-Жыжаля», старшыня Бабруйскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Валерый Калтыгін і дырэктарка мастацкага музея імя Р. Паплаўскага Святлана Прывалава.

Амаль ўсе, хто выступаў, казалі словы падзякі бабруйскім уладам за падтрымку такой дзіўнай з’явы, як пленэр па кераміцы. А на тое, што гэтая з’ява сапраўды незвычайная, ускосным чынам паказала стварэнне песні бабруйскіх аўтараў Вадзіма Сажына і Леаніда Рубінштэйна, прысвечанай пленэру. Перад тым, як наведвальнікі пачалі разглядаць экспазіцыю, новая песня пад назвай «Арт-Жыжаль» прагучала ўжо другі раз.

Сама выстава яшчэ раз прадэманстравала творамі, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, тое, што ўзровень керамічнага пленэру з кожным годам расце.

Пасля ўрачыстага адкрыцця «Кола агню» на нашы пытанні адказаў удзельнік пленэру Геннадзь Мерц (Венесуэла).

Антон ПУЦІЛА
Фото Виктора МАСАЛОВИЧА