У абласным тэатры драмы и камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – чарговая ў сезоне прэм’ера, але першая – у гэтым календарным годзе. На малой сцэне 16 і 17 студзеня адбыліся прэм’ерныя паказы паэтычнага вечару, прысвечанага Уладзіміру Караткевічу. Пастаноўку ажыццявіў галоўны рэжысёр тэатру Станіслаў Савосцін.

Менавіта з вечару паэзіі, прысвечанаму геніальнаму Йосіфу Бродскаму, год таму дэбютаваў Станіслаў Васільевіч у якасці галоўнага. Тады вядомы тэатральны крытык Андрэй Масквін пасля прэм’еры напісаў у сацыяльных сетках: «Бродскі – гэта выдатны пачатак!..» Далей паследаваў не менш адметны працяг – аналагічныя паэтычныя вечарыны іншых расейскіх паэтаў – Ганны Ахматавай і Уладзіміра Высоцкага… Паступова ўзнікла слушнае пытанне: «Калі і хто, нарэшце, будзе першым у гэтам шэрагу і з беларускіх клясікаў?»
Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць – Караткевіч! Магчыма, таму, што летась (крыху больш за месяц таму) адзначаўся ягоны 90-гадовы юбілей… І, у выніку, паэтычны тэатр беларускага пісьменніка ня саступаў ранейшым спробам сцэнічнага ўвасаблення творчасці і жыцця выбітных паэтаў з Усходу ад нас. Пастаноўка рэжысерам і акторамі зроблена з вялікай павагай да асобы Уладзіміра Сямёнавіча, з глыбокім пранікненнем у яго непаўторную лірыку.
У выкананні артыстаў прагучалі ягоныя шматлікія вершы розных часоў, казка, а «Партызанскую баладу» моцна ўвасобілі на сцэне мэтры – Аляксандр Парфяновіч і Жанэта Зарэмба.



Паміж вершамі вядоўца Маргарыта Папруга распавядала аб цікавых фактах з жыцця пісьменніка. Акрамя іх, удзел у вечары прынялі акторы Сяргей Баброўнік, Юлія Драздова, Алена Сафронава, Арцём Чарнабылаў. Перад пачаткам імпрэзы рэжысер папярэдзіў, што гледачы убачаць скарочаную версію, бо актрыса Ала Грахава на бальнічным.


Усю пастаноўку – ад пачатку і да канца – суправаджаў музычны кантрапункт, на задніку змяняўся фота- і відэашэраг, нават, быў выкарыстаны фрагмент відэазапісу з сустрэчы Уладзіміра Караткевіча з чытачамі. Многія вершы ў сцэнічным увасабленні прагучалі вельмі кранальна. І гледачы цёпла ўспрынялі спектакль: шмат хто з іх (прычым, людзі рознага веку) пасля імпрэзы прызнаваліся, што ім цяжка было ўстрымацца ад слёз.
Антон Пуціла
Фота аўтара