Домой Культура У бабруйскім тэатры набірае ход фестываль

У бабруйскім тэатры набірае ход фестываль









Пройдзены два дні фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

27 кастрычніка ў нашым горадзе адкрыўся Пяты фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Цягам пяці дзён гледачы ўбачаць дзесяць спектакляў па творах беларускіх аўтараў ад дзевяці тэатраў з Беларусі і Расеі.

Перад ўрачыстым адкрыццём форума гледачы ўбачылі тэатралізаваны пралог на аснове легендарнай «Ідыліі» заснавальніка беларускай драматургіі.

Распачалі ж фестываль спектаклі на тэму вайны. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця была прадстаўлена ваенная драма вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» ад Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (у пастаноўцы Валерыя Анісенкі). Наступнай раніцай гледачы ўбачылі спектакль Гомельскага гарадскога маладзежнага тэатру «СвиДЕТИли» па кнізе Святланы Алексіевіч «Апошнія сведкі» (аўтар інсцэніроўкі і рэжысер Юры Вута).

Дарэчы, гэта не адзіная пастаноўка па твору нобелеўскай лаўрэаткі. У той жа дзень, на малой сцэне абласнога тэатру драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча быў прэзентаваны спектакль»Час сэканд хэнд» ад Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру (рэжысёр-пастаноўшчык — Уладзімер Пятровіч).

У гэтым годзе на фэсце адбудзецца конкурс. Дарэчы, ў апошні момант старшынёй конкурснага журы, замест захварэўшага Аляксея Дударава, прызначана Таццяна Арлова — прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ.

У рамках фестывалю распачаліся кожнадзённыя так званыя «чыткі» новых п’ес беларускіх аўтараў… Пачала працаваць і драматургічная лабараторыя «Gorod.doc». Маладыя беларускія драматургі і рэжысёры разам з бабруйскімі акцёрамі паспрабуюць сродкамі дакументальнага тэатра з дапамогай інтэрв’юіравання простых бабруйчан стварыць адзіны мастацкі твор.

На відэа на нашы пытанні адказаў мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра Юры Вута.

Антон Пуціла

Фото Віктар Масаловіч