Домой Культура ТЮГ знайшоў трохдзённы прытулак на бабруйскай сцэне

ТЮГ знайшоў трохдзённы прытулак на бабруйскай сцэне




Фота аўтара.

У мінулы ўікэнд наш горад з кароткатэрміновай гастроллю наведаў Беларускі тэатр юнага гледача
Пры тым, што сталічны тэатр ужо доўгі час не мае сваёй сцэны (у сувязі з капітальным рамонтам памяшкання), і трупа вымушана знаёміць гледачоў са сваёй творчасцю на іншых пляцоўках, у Бабруйск «тюгаўцы» завіталі ледзь не ўпершыню. Таму спатканне з менчукамі было адначасова і цікавым, і прыемным.
Цягам трох дзён (25-27 траўня) ТЮГ прадэманстраваў на сцэне абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча два спектаклі: дзіцячы — «Прыгоды Бібігона» і дарослы — «Крыху пяшчоты». Абодва былі цёпла сустрэты бабруйскім гледачом і, напэўна, запомніліся яму.
Ранішні спектакль разлічаны на самую маленькую аўдыторыю (ад 4-х год). Ідэя спектакля, па словах яго стваральнікаў, — «падтрымаць маленькага чалавека (дзіцяці), даць яму магчымасць адчуць сваю моц, а таксама прыўзняць жыццёвы тонус старэйшага гледача (бацькоў), паказаць жыццё, напоўненае воляй і простымі чалавечымі радасцямі». І першае, і другое, здаецца, у творцаў атрымалася. Вядома, запамогай у гэтым ім паслужыла фантастычная, але надзвычай лёгкая і простая гісторыя паводле аднайменнай казкі Карнея Чукоўскага. У акцёраў атрымалася прыцягнуць увагу да падзеяў на сцэне, а з другога боку — усталяваць добры кантакт з глядзельнай залай пры дапамозе інтэрактыву і рухомых гульняў.
Вячэрні спектакль меў мэтай узрушыць і ўсхваляваць больш дарослую аўдыторыю. Гэта спроба, таксама, атрымалась паспяховай. Пастаноўку п’есы «Крыху пяшчоты» вядомага італьянскага драматурга Альда Нікалаі ажыццявіў на беларускай мове мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Савіцкі, рэжысёрам выступіў ягоны цёзка — Забэла. Жанр спектакля вызначаны, як «Карнавал на дзве дзеі без антракту». Большасць гледачоў, безумоўна, кранула гісторыя драматычнага кахання з першага позірку дзвюх насельнікаў дома састарэлых.
Дзіўна, але, яшчэ больш, цудоўна назіраць гэткую гісторыю менавіта ад артыстаў ТЮГа! Нажаль непасрэдна на бабруйскіх паказах спектаклю юных гледачоў было нешмат, аднак і больш сталую аўдыторыю пастаноўка вяртае да пытанняў сэнса жыцця і сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў. Асобна хацелася б адзначыць наяўнасць шматлікіх цікавых рэжысёрскіх вынаходак, якія сапраўды працуюць на спектакль, і добры акцёрскі ансамбль з удзелам адразу траіх Заслужаных артыстаў Беларусі.

Антон ПУЦІЛА.