Домой Культура «Трэба фатаграфаваць гэтую прыгажосць, пакуль яна яшчэ цалкам не ператварылася ў руіны»

«Трэба фатаграфаваць гэтую прыгажосць, пакуль яна яшчэ цалкам не ператварылася ў руіны»

Валанцёры стварылі серыю паштовак з закінутымі будынкамі Бабруйска…

Прэзентацыя паштовак «Жывы Бабруйск» з выявамі найбольш каштоўных будынкаў нашага горада, якія сёння ніяк не выкарыстоўваюцца, прайшла ў тайм-клубе «1387»  4 красавіка.

Аўтарка ідэі – гарадская актывістка, журналістка Алеся Лацінская. Фатограф – Валянцін Валянцінаў.

На серыі паштовак «Жывы Бабруйск» мы бачым цікавыя і часам незвычайныя сюжэты – мастачка малюе былую «зялёную бібліятэку», скейтар робіць трукі над бастыёнам крэпасці, балярына танчыць на фоне руін гасцініцы «Бярэзіна і Еўрапейская». Усе гэтыя сюжэты прыдумала бабруйская журналістка Алеся Лацінская. Асноўная ж ідэя праекта – звярнуць увагу на закінутыя архітэктурныя помнікі Бабруйска і падкрэсліць, што будынкі жывуць, пакуль яны патрэбныя людзям. Як толькі нейкі дом губляе гаспадара, ён за год-два прыходзіць у заняпад.

«Я лічу, што пра нашую архітэктурную і гістарычную спадчыну трэба казаць як мага часцей, прыцягваць рознымі праектамі да яе ўвагу тых людзей, якія маюць сродкі і магчымасці ўсё гэта хаця б якасна закансерваваць, і а ў ідэале – нешта зрабіць, каб гэтыя будынкі працягвалі жыць яшчэ стагоддзі, – кажа аўтарка паштовак. – Таксама я хачу, каб сувенірная прадукцыя пра Бабруйск была якаснай і разнастайнай, каб было цікава на яе глядзець і прыемна ўзяць у рукі».

Алеся Лацінская не выключае, што працягне серыю пра закінутыя будынкі – асабліва журналістка хацела б абыграць у нейкім сюжэце езуіцкі касцёл. Таксама магчыма будуць створаныя іншыя серыі паштовак – чыгуначная, –  з двума бабруйскімі вакзаламі, пра праваслаўныя, каталіцкія, габрэйскія помнікі. Госці прэзентацыі выказвалі менавіта такія пажаданні, і Алеся згодная з імі, што ўсё гэта варта рабіць.

«Трэба фатаграфаваць гэтую прыгажосць, пакуль яна яшчэ ёсць і не ператварылася цалкам у руіны», – зазначае аўтарка паштовак.

Алеся Лацінская падкрэслівае, што праект – цалкам валанцёрскі. Ідэю журналістка выношвала некалькі гадоў, і нарэшце знайшла час і магчымасць рэалізаваць яе. Алеся вельмі ўдзячная фатографу Валянціну Валянцінаву, які зрабіў якасныя фотаздымкі, а таксама гаспадыні тайм-клуба «1387» Наталлі Халанскай, дзякуючы якой у Бабруйску рэалізуюцца шмат якія культурныя ініцыятывы.

Напрыканцы прэзентацыі ўсе жадаючыя маглі падпісаць паштоўкі «Жывы Бабруйск» для палітвязняў.

Фотавыставу «Жывы Бабруйск» можна паглядзець абсалютна бясплатна ў тайм-клубе на працягу красавіка. Таксама ў краме «1387» можна бясплатна ўзяць набор паштовак. Адрас: вул.Чангарская, 54.

Марына Міхневіч