Домой В стране «Так, мы б’ём і здзекуемся. І мы ні перад чым не спынімся»

«Так, мы б’ём і здзекуемся. І мы ні перад чым не спынімся»

Чаму МУС і іншыя ведамствы публікуюць усё больш відэа з палітзняволенымі пасля допытаў, якія некалі могуць стаць доказам катаванняў для беларускага ці міжнароднага судоў?

Апошнім часам па дзяржаўным тэлебачанні і на старонках МУС, пракуратуры, СК у інтэрнэце часта паказваюць сюжэты, у якіх схопленыя органамі людзі прызнаюцца ў здзейсненых парушэннях і выказваюць сваё раскаянне.

Выгляд у многіх з іх жахлівы — зразу відаць, што перад тым, як паставіць перад камерай, гэтых людзей моцна білі ці катавалі пры дапамозе «спецсродкаў». Прытым «раскаянне» ідзе фактычна адразу пасля здзяйснення парушэння. Карацей, у ступені ягонай шчырасці ні ў каго сумневаў няма. Адпаведна і няма ніякіх іншых адчуванняў у дачыненні таго, хто «раскалоўся», як толькі шкадаванне.

Некаторыя з гэтых відэа настолькі выяўныя, што некалі могуць быць прынятыя як доказы катаванняў беларускім ці міжнародным судом.

Канвенцыя супраць катаванняў, прынятая ААН у 1984 годзу, устанавіла ў дачыненні да катаванняў так званую «ўніверсальную юрысдыкцыю». Гэта азначае, што вінаватыя ва ўжыванні катаванняў могуць крымінальна пераследавацца ўладамі любой дзяржавы, незалежна ад грамадзянства вінаватых і месца здзяйснення імі дзеяння.

Дзеля чаго тады самі выканаўцы паказваюць нам такія кадры? Відавочна, што стаўка не на нейкае перакананне, а на банальнае застрашванне.

Ім няважна, каб чалавек на камеру сказаў нешта пераканаўчае і нехта ў ягоныя словы паверыў. Важна тое, каб ён з’явіўся на экране менавіта ў такім выглядзе.

Гэтым даносіцца пасланне — так, мы ні перад чым не спынімся. Сумлення і ўвогуле нейкіх тармазоў у нас няма. Ні на што такое не разлічвайце. Не майце ніякіх ілюзій.

А паколькі ў нас у руках сіла, законы адмененыя, а маральныя стрымкі абсалютна адсутнічаюць, то трапляць нам у рукі проста смяротна небяспечна. Мы люта б’ём, труцім газам, катуем і здзекуемся любымі даступнымі спосабамі. І зусім не хаваем гэтага, паглядзіце на відэа. Тое ж, што мы яго самі выстаўляем і дэманструем, сведчыць пра тое, што масты ў нас спаленыя. Мы гатовыя ісці да канца і любыя замахі на наша панаванне з боку халопаў будзем жорстка абсякаць.

Таму, пакуль не позна, спыняйцеся самі, калі не хочаце апынуцца на месцы гэтага хлопца. А што вы пра нас думаеце, нам глыбока паралельна. Галоўнае, каб пакорліва сядзелі ў стойле.

Нас не абавязкова любіць, галоўнае — панічна бойцеся.

nn.by