Домой Выборы Таццяна Караткевіч: «Як стану прэзідэнтам, першым наведаю Бабруйск»

Таццяна Караткевіч: «Як стану прэзідэнтам, першым наведаю Бабруйск»














Першая ў Беларусі кандыдатка ў прэзідэнты-жанчына сустрэлася з бабруйчанамі і правяла ў нашым горадзе пікет супраць расейскай авіябазы.

«Тое, што мы лічым заробкам, больш падобна да дапамогі па беспрацоўю»

Жадаючых паслухаць праграму і абяцанні Таццяны Караткевіч сабралася поўная актавая заля ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі па вуліцы Чангарскай. Не ўсім нават хапіла мейсцаў, некаторыя стаялі.

На пачатку сустрэчы Таццяна разам са сваімі даверанымі асобамі Аленай Мядзведзевай і Ігарам Ляльковым распавялі пра тое, як «з’явіўся на свет кандыдат Таццяна Караткевіч».

Сама Таццяна трохі распавяла пра сябе, сваю сям’ю, дзяцінства і юнацтва. У асаблівым каханні яна прызналася Бабруйску.

«Гэты горад родны для мяне, бо мая маці тут навучалася. І зараз, калі мяне пытаюцца, які горад я наведаю першым, калі стану прэзідэнтам, я адказваю — канешне, Бабруйск!», — сказала Таццяна, чым выклікала апладысменты ў залі.

Потым кандыдатка прадставіла аўдыторыі асноўныя пункты сваёй праграмы. Прамаўляла яна ўвесь час па-расейску. На беларускую мову пераходзіла толькі калі адказвала на пытанне, што задалі па-беларуску.

Таццяна Караткевіч распавяла, што ў выпадку абрання яе прэзідэнтам, яна зробіць усё, каб рэфармаваць стратныя беларускія прадпрыемствы, што жывуць зараз на дзяржаўныя датацыі.

Паводле кандыдаткі, калі б, напрыклад, у гэтым годзе, са студзеня, спынілі такія прадпрыемствы, а людзей адправілі ў адпачынак з захаваннем іх заробка, то для беларуская эканомікі гэта было б нашмат эканомней і выгадней.

Што ж тычыцца беспрацоўных, па словах Таццяны, яны — пры пэўнай дапамозе — змаглі б засвоіць новую прафесію ці знайсці іншую працу. Але пры гэтым яны не павінны сядзець зусім без сродкаў, і дапамога па беспрацоўю мусіць быць годнай — у памеры 75% ад заробку, — цягам першага паўгоддзя. Кандыдатка запэўнівае, што сродкі на гэта будуць.

Прагучалі ад Таццяны Караткевіч і традыцыйныя абяцанні — падвысіць заробкі, асабліва настаўнікам і медыкам.

«Тое, што мы сёння лічым заробкам, больш падобна на схаваную дапамогу па беспрацоўю. І плаціцца яна за імітацыю паспяховай дзейнасці», — заўважыла кандыдатка.

«Ідэёлаг — пасада непатрэбная. Будзем скарачаць»

Больш за гадзіну арганізатары сустрэчы адвялі на пытанні людзей. Прысутныя звярталіся да Таццяны з самымі рознымі праблемамі. Часам здавалася, што яны глядзяць на яе, як на апошнюю дапамогу ў іх сітуацыі. Так, жанчына пенсійнага ўзросту са слязьмі скардзілася, што прапрацавала больш за 20 гадоў, а атрымлівае пенсію 940 тысяч рублёў. Кандыдатка ў прэзідэнты прапанавала ёй паразмаўляць прыватна пасля сустрэчы.

Хлопец з таварыства глухіх распавёў пра свайго брата, інваліда па слыху, які вярнуўся ў Бабруйск з Італіі, дзе працаваў на заводзе «Lamborghini», а тут не можа знайсці працу, бо яго не бяруць, таму што ён не чуе.

Людзі пыталіся, як сёння жыць настаўнікам, якіх, акрамя асноўнай працы, нагрузілі «педагагічным патрулём», то бок, дадалі ў абавязкі патруляванне клубаў, дыскатэк і сітуацый ў сем’ях з «небяспечным сацыяльным становішчам». У адказ гучала — мяняць уладу.

Запыталіся ў Таццяны Караткевіч, што яна будзе рабіць з арміяй ідэёлагаў у выканкамах і на прадпрыемствах, як стане прэзідэнтам.

«Толькі скарачаць», — адказала кандыдатка.

На яе погляд, ідэёлаг — непатрэбная пасада. З усімі задачамі на месцах могуць справіцца спецыялісты ў сваіх сферах. Гэтак жа непатрэбныя і прадметы па ідэялогіі беларускай дзяржавы ў навучальных установах.

Прыкладам для Беларусі мусіць быць Швецыя

«Якую краіну Вы б узялі як прыклад для далейшага развіцця Беларусі»? — прагучала пытанне з залі.
Таццяна Караткевіч адказала, што для яе найлепшым прыкладам рэалізацыі эканамічнай, сацыяльнай, міжнароднай палітыкі, узаемадачыненняў паміж людзьмі — з’яўляецца Швецыя.

Напрыканцы сустрэчы кандыдатка паабяцала, што незалежна ад выніку выбараў, за мяжу яна не з’едзе, а працягне працаваць з людзьмі і дамагацца рэалізацыі сваёй праграмы.

Пасля сустрэчы, на ўваходзе на Цэнтральны рынак, «каля бабра», адбылася яшчэ адна сустрэча з выбаршчыкамі — у выглядзе пікета супраць расейскай авіябазы ў Бабруйску.

Караткевіч і яе давераныя асобы тлумачылі, што размяшчэнне вайсковай базы ў Бабруйску адразу робіць горад мішэнню, і ставіць пад пагрозу ўдару ў выпадку вайны. Таццяна падкрэсліла, што такія рашэнні, як размяшчэнне замежнай авіябазы на тэрыторыі нашай краіны, мусяць прымацца толькі пасля рэферэндума і ўзважвання меркавання беларусаў.

Скончыўся пікет на змярканні, апошнія яго ўдзельнікі разыходзіліся ўжо ў поцемках.

Падрабязней пра сустрэчу Таццяны Караткевіч з выбаршчыкамі і пікет глядзіце ў нашым відэасюжэце.

Марына Міхневіч

Фото Виктора Масаловича, Анатолия Санотенко