Людзі ў масках на вуліцах беларускіх гарадоў. Фота: photo.bymedia.net
Людзі ў масках на вуліцах беларускіх гарадоў. Фота: photo.bymedia.net
Хваля рэспіратарных інфекцый штогод прыпадае на розны перыяд. У 2009-м ён прыпаў на восень. У Беларусі пачалася сапраўдная паніка, у сувязі з тым, што свіны грып дабраўся і да нашай краіны. Зараз зачынены шматлікія ўстановы адукацыі і адчуваецца недахоп лекаў у аптэках.
Канікулы ў бабруйскіх школьнікаў цягнуцца ўжо трэці тыдзень, а лекаў не хапае не толькі ў аптэках, але і ў паліклініках. Напрыклад, у паліклініцы № 1 ужо нельга прайсці антыгрыпавую вакцынацыю, а калі будзе такая магчымасць, там не ведаюць. Як паведаміла нам загадчыца бабруйскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (БЗГіЭ) Святлана Камарова, канікулы працягваюцца дзеля таго, каб прадухіліць захворванні рэспіратарнымі інфекцыямі. Прычым зачынены не толькі школьныя з пазашкольнымі ўстановы, але і некаторыя тэхнікумы і каледжы.
У пастанове № 348 БЗЦГіЭ за сёмага лістапада сцвярджаецца, што штодзённа рэгіструецца больш за 1000 выпадкаў захворвання ВРВІ, грыпападобнымі захворваннямі, грыпам. Сярод іх каля 40% выпадкаў прыходзіцца на дзяцей да 17 гадоў.
З-за жудасных чутак пра свіны грып у гарадскіх аптэках хутка сталі раскупляцца лекі. У гарадской аптэцы № 75/1 нам паведамілі:
— У нас дастаткова вітамінных прэпаратаў, якія выдатна паляпшаюць імунітэт. Марлевых павязак у продажы таксама дастаткова і кошт на іх застаўся той, які быў усталяваны першапачаткова. Што тычыцца супрацьвірусных мазяў, то на гэты момант (дзевятага лістапада — Я. В.) яны ў нас скончыліся. Аднак у суботу і пятніцу ў нас плануецца паступленне лекаў. На цяперашні час у нашай аптэцы дастаткова парашкоў, таблетак, то бок, зараз ёсць чым дапамагчы пры першых праявах прастудных захворванняў.
Спадарыня ж Святлана Камарова прапануе пры першых праявах хваробы адразу звяртацца да ўрача.
— А пасля гэтага можна ўжо прымаць і цыбулю з часнаком. Але галоўнае — весці прыемны лад жыцця, — падкрэслівае яна. Святлана лічыць, што Бабруйск свіны грып не абыйдзе бокам. Пытанне толькі ў тым, на колькі моцна ён закране жыхароў горада.
З-за недахопу марлевых павязак ААТ «Славянка» атрымала дзяржаўны заказ на іх выраб. І на гэты момант у аптэкі Магілёўскай вобласці і горада Мінска іх паступіла 100000.
— Нам прыйшлося працаваць у выходныя дні сёмага і восьмага лістапада, — кажа дырэктар прадпрыемства спадар Цімур Бачарышвілі. — У сувязі з нашай аператыўнасцю, нас папрасілі працягваць выраб прадукцыі. «Славянка» зараз з’яўляецца першым і самым буйным на дадзены момант пастаўшчыком марлевых павязак у краіне.
Яўген ВАСЬКОВІЧ