Домой Общество Спаткання без сведкаў Алесю Бяляцкаму не дазволілі

Спаткання без сведкаў Алесю Бяляцкаму не дазволілі

Камісія з абласнога цэнтра выяўляла наяўнасць цэнзуры ў бабруйскай выпраўленчай калоніі № 2.

5 чэрвеня бабруйскую выпраўленчую калонію № 2 наведала грамадска-наглядальная камісія кіраўніцтва юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму. Візіт у наш горад «камісараў» выкліканы двума зваротамі сталічнай праваабаронцы Насты Лойка, звязанымі з тым, што да палітвязня, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага не трапляе частка допісу. На ўваходзе ў ВК-2 не прайшоў цэнзуры Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, гэтак сама, як каляндар з выяваю слуцкіх паясоў.

Нагадаем, Бяляцкі прысуджаны да чатырох з паловай гадам зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такім чынам, з праваабаронцы Бяляцкага дзяржава зрабіла вязня. З вязня — упакоўніка швейных вырабаў на вытворчасці Бабруйскай калоніі, — аб гэтым паведаміў нам старшыня грамадска-наглядальнай камісіі кіраўніцтва юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Сідарэнка. Праваабаронцу разам з яшчэ аднім чальцом камісіі Дзмітрыем Канцавенка сёння дазволілі спаткацца са зняволеным калегам.

Магілёўскія актывісты прыехалі ў Бабруйск не з пустымі рукамі: яны перадалі ў мясцовую бібліятэку 5 мяхоў літаратуры для вязняў калоніі. У тым ліку выданні на прававую тэматыку з буйным шрыфтам — адмыслова для старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», які мае праблемы са зрокам. А чытаць даводзіцца шмат. Мясцовы цэнзар паведаміў чальцам камісіі, што ён атрымлівае да 15 лістоў з розных краін свету на тыдзень, вядзе вялікую працу ў ліставанні. З гэтай нагоды на Алеся заведзены асобны сшытак для уліку лістоў. А вось спатканне сам на сам (без прысутнасці адміністрацыі) з прадстаўнікамі камісіі Бяляцкаму не дазволілі…

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўразвяза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць Алеся Бяляцкага палітвязням і патрабуюць яго вызвалення з-за кратаў, куды ён патрапіў афіцыйна за нясплату падаткаў, фактычна — за тое, што доўгія гады дапамагаў адстойваць правы людзям, якіх пакрыўдзіла дзяржава.

Антон ПУЦІЛА