Домой Культура Славамір Адамовіч: «Я гатовы да самага брутальнага развіцця падзей…»

Славамір Адамовіч: «Я гатовы да самага брутальнага развіцця падзей…»

Славамір Адамовіч, інтэрв'юПасля творчай сустрэчы знакамітага беларускага літаратара Славаміра Адамовіча з бабручанамі ён адказаў на некалькі пытанняў «Бобруйского курьера». Прапануем яго адказы вашай увазе.

– У 1995 годзе вы напісалі верш «Убей президента», які перавярнуў усё ваша жыццё. Пасля гэтага вам прыйшлося правесці дзесяць месяцаў у турме КДБ, і на дзесяць гадоў з’ехаць з краіны, спачатку ў ЗША, потым – у Нарвегію. Калі б была магчымасць паўтарыць гэты шлях, вы напісалі бы зноў гэты верш?..

– Лагічнае пытанне: «Ці паўтарыў бы гэты шлях?»… Не, шкадаваць аб гэтым творы не выпадае. Дарэчы, апошнімі днямі не раз гэтая тэма ўзгадвалася і ў маіх размовах з сябрамі. Як ні парадаксальна, але дзякуючы менавіта гэтаму вершу, а таксама  – рэжыму, мая асабістая біяграфія значна ўзбагацілася. Я адкрыў для сябе Злучаныя Штаты.

Праўда, доўга ў гэтай краіне не затрымаўся. Але, дзякуй Богу, яшчэ паспеў сустрэць прадстаўнікоў нашай старой, аўтэнтычнай эміграцыі, якія з’ехалі падчас Другой сусветнай вайны. Яны аказаліся натуральнымі, шчырымі людзьмі, якія захавалі ў сабе беларушчыну, і прафесіянальна рэалізаваліся ў розных сферах.

Больш за тое, пасля ЗША я «адкрыў» краіну Нарвегію, пазнаёміўся з яе культурай. І – глыбака пераасэнсаваў, пераканаўся ў тым, што Беларусь  – не проста Захад Еўропы, а больш яе Паўночны Захад. Мы сапраўды ментальна прыцягваемся менавіта да гэтай часткі кантынента.

– А як так здарылася, што пасля доўгай эміграцыі вы ўсё ж вярнуліся на Радзіму?

– Можна зразумець, калі чалавек за лепшай доляй з’язджае з канцамі… Але лепшы варыянт, гэта з’ехаць так, каб знайсці там тое, што шукаеш, і не парваць карэнняў з Радзімай.

Вось мы размаўлялі наконт гэтага ў «Фэйсбуку» з колішнім кіраўніком «Белага легіёна» Сяргеем Чыславым (Бульбай) , ён, дарэчы, надоечы даваў інтэрв’ю «Белсату». Дык ён згодны са мной, і журналісту пра гэта таксама гаварыў: калі нельга тут рэалізавацца – і ў грамадскім плане, і ў эканамічным, трэба рухацца – дзякуй Богу, межы зараз адкрыты, жалезнай заслоны няма…  Рухацца – каб эканамічна здабыць для сябе незалежнасць.

А вяршыня ўсяго  – гэта вяртанне на Радзіму, тое, што і адбылося ў маім выпадку. Я вярнуўся, каб паказаць прыклад. Я пабудаваў тут дом, набыў сядзібу пад Мар’інай Горкай, і ажыццявіў  яшчэ адну сваю мэту, можа ў нечым дзіцячую – зрабіў сваімі рукамі сцягар (флагшток), узняўшы наш гістарычны, нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. І ён па сёння там развіваецца. Я і тут, я і там… Я проста адкрыў для сябе яшчэ адну краіну.

– Вас не пужае, што расійскія войскі пасля вучэнняў «Захад-2017» могуць застацца ў Беларусі?

– Не, я думаю, што расійскія войскі будуць выведзены. Расія будзе і надалей рабіць сваю справу ціхай сапай без нагнятання сітуацыі, што яна цудоўна да сённяшняга дня рабіла і робіць. У яе і так тут выдатная крэатура, бо яе пратэктар зараз кіруе Беларуссю… У любым выпадку, сітуацыя пакажа. Асабіста я гатовы да самага брутальнага развіцця падзей…

– Што-небудзь з Бабруйскам вас звязвае?

– Тут жывуць сваякі майго пасынка з роду Навакоўскіх. Больш, фактычна, нічога. У Беларусі ёсць шмат гарадоў у якіх я ўвогуле яшчэ ніколі не бываў, а праз Бабруйск, прынамсі праездам, часцяком дводзілася праязджаць. А сёння нават атрымалася пабачыць забудовы старой часткі горада.

–  Распавядзіце пра вашы літаратурныя густы.

– Люблю чытаць усё, акрамя драм. Калісьці, у 90-я гады, на мяне вельмі моцна паўплывалі: з філосафаў – Ніцшэ, з літаратараў – выдатныя лацінаамерыканскія празаікі Борхес, Габрыэль Гарсія Маркес.

І, дарэчы, ў вершах з кнігі «Плавільшчыкі расы», якія я сёння чытаў, ёсць шмат адсылак і алюзій на гэтых аўтараў.

З беларускай літаратуры – Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны. Дарэчы, у нас ужо ў 20-30 гадах мінулага стагоддзя былі свае прэтэндэнты на Нобеля – гэта я зразумеў, калі пазнаёміўся с творчасцю Гамсуна, і змог зрабіць параўнанні…

– Што ў вашых творчых планах?

– Вось верш сам «прыйшоў», і я яго адразу запісаў. Не запісаў, значыць ён прапаў… Таму гэта занадта гучна казаць, што я над вершамі мэтанакіравана працую. Іх планаваць немагчыма.

Што да прозы. У галаве сядзяць дзве ладныя тэмы, але за іх трэба як след брацца. Гэта два эратычныя раманы, беларускі эрас. Адзін з якіх, магчыма, будзе аповесцю, бо да рамана можа і не дацягну. Можна было і раней аб гэтым парупіцца, але – не дайшлі рукі. Аднак, я думаю, мне удасца гэтыя творы напісаць. Проста ўсё, што я ведаю ўвогуле з сусветнай літаратуры на гэту тэму, мяне не задавальняе: я бачу толькі падыход з аднаго ці з іншага боку, і ўсё.  Бальшыня тэкстаў збіваюцца на пошлыя рэчы, ледзь не на порна, альбо яны цягамотныя, як тая ж «Лаліта».  Вось такія ў мяне планы…

 

Васіль Кулікоў