Домой Общество Скандал: Адкрыцця музея Алеся Адамовіча ў 2015 годзе не будзе

Скандал: Адкрыцця музея Алеся Адамовіча ў 2015 годзе не будзе








Грошы, што закладаліся летась у раённым бюджэце на рамонт будынку ў Глушы, пайшлі на іншыя мэты. Сёлета сродкаў на музей увогуле не прадугледжана.

Грашыма на музей залаталі дзіркі ў раённым бюджэце?

Пра неабходнасць стварэння музея Алеся Адамовіча ў Глушы гаворыцца ўжо некалькі год. Дачка пісьменніка, Наталля Адамовіч спадзявалася адкрыць музей да 20-й гадавіны са дня смерці бацькі, якую адзначалі 26 студзеня мінулага году. Не атрымалася. Тады тэрмін перанеслі на 2015 год. Але і ў гэтым годзе музея не будзе. А калі будзе — цяпер ужо невядома.

Марына Сушчанка, старшыня Глушанскага паселковага савету, і Антон Астаповіч, старшыня Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, што ўзяліся за працу над стварэннем музею, у адзін голас кажуць, што самая галоўная перашкода — адсутнасць грошай.

Антон Астаповіч распавёў, што ў мінулым годзе з абласнога бюджэту на музей было выдзелена больш за 300 мільёнаў рублёў. Яны былі перададзеныя ў бабруйскі райвыканкам. Які, паводле спадара Астаповіча, «распусціў гэтыя грошы на ўсялякія іншыя патрэбы, каб залатаць дзіры ў бюджэце».

У мінулым годзе раённымі ўладамі не было зроблена нічога, каб хоць трохі наблізіць адкрыццё музея, зазначыў старшыня Таварыства аховы помнікаў. Працавала толькі само Таварыства, якое цалкам бясплатна зрабіла будаўнічы праект музея. Сярэдні кошт такога праекту — 120 мільёнаў рублёў. Спадар Астаповіч зазначыў, што праект быў перададзены ўладам, ён мусіў прайсці карэкціроўку, але нічога не было зроблена.

«Цяпер невядома, што і як будзе, — кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў. — Сітуацыя складваецца не на нашу карысць. Змяніўся старшыня аблвыканкама. Былы, Пётр Руднік, вельмі прыхільна ставіўся да ідэі музея, але якую пазіцыю зойме новы — невядома. Таксама пакуль не зразумела, што ў галаве на гэты конт у новага старшыні райвыканкама Аляксандра Осіпава…»

На гэты год асобная сума на музей Алеся Адамовіча ні ў раённым, ні ў абласным бюджэтах не закладалася, распавёў Антон Астаповіч. Але абласны выканкам выдзяліў адзін мільярд рублёў на сацыяльна-культурныя патрэбы Бабруйскага раёну на 2015 год.

«Сітуацыя зараз залежыць ад таго, як райвыканкам размяркуе гэтыя сродкі, — кажа спадар Астаповіч. — Бо аблвыканкам не можа навязаць, — маўляў, вось гэтую суму абавязкова на музей».

Няма музея — няма праблемаў?

Спадар Астаповіч ужо цягам некалькіх год сустракаецца з чыноўнікамі з Магілёўскага аблвыканкаму па справе музея, і зазначае, што магілёўскае ўпраўленне ідэалогіі заўсёды рэкамендуе выдзяленне сродкаў на музей. Але канчаткова залежыць усё ад мясцовай улады Бабруйскага раёна.

«У той час як аблвыканкам выступае за музей, райвыканкам усімі спосабамі хавае гэтае пытанне як мага далей, — кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў. Для іх гэты музей — гэта лішнія праблемы. І калі гэта ні ў кога не ідзе ад душы, ніхто гэтым музеем у выканкаме займацца не будзе».

Антон Астаповіч зазначае адназначна — адкрыцця музея ў 2015 годзе не адбудзецца. Бо нават калі з мільярда вылучаць на музей, напрыклад, трыста мільёнаў, гэтага хопіць, паводле адмыслоўцы, толькі на каштарысна-праектную дакументацыю, якую цяпер трэба распрацаваць, а ў 2016-17 гадах рэалізоўваць.

Немагчыма зараз прасіць сродкі на музей і ў спонсара, бо недапрацаваны праект. На сёння існуе толькі частка — будаўнічы праект, распрацаваны Таварыствам аховы помнікаў.

«Як ты пойдзеш да спонсара прасіць грошы? На што? Трэба ж паказаць, што будзе будавацца, і што ўся дакументацыя ўжо гатовая. А калі б яна была распрацаваная, можна было б і ў Еўропе сродкі прасіць», — зазначае Антон Астаповіч.

«Няўжо Адамовіч не варты ўшанавання?»

«Няўжо Адамовіч не варты ўшанавання? — пытаецца спадар Астаповіч. — Вядома адкуль гэта ідзе — на самым версе няма зацікаўленасці, то і на месцах ніхто рабіць не будзе. Гэта такая сістэма паганая».

Песімістычна глядзіць на сітуацыю і Марына Сушчанка, якая ад самага пачатку вельмі зацікаўлена ў з’яўленні музея пісьменніка-глушанца. Яна зазначае, што ў гэтым годзе на 100% не будзе весціся ніякіх працаў, бо бюджэт раённы значна меньшы, чым летась.

«Такога фатальнага году што да бюджэту як гэты, яшчэ не было», — кажа старшыня паселковага савету.

Спадарыня Сушчанка звяртае ўвагу, што чым далей цягнуць час, тым складаней будзе рамантаваць будынак аптэкі, а то і ўвогуле можна згубіць яго. Будынак не ацяпляецца, кліматычныя і пагодныя варункі дрэнна ўздзейнічаюць і вядуць да руйнавання. А гэта будзе найвялікшая трагедыя ў дадзенай справе — згубіць аўтэнтычны будынак, у якім жыла сям’я Адамовічаў.

«Трэба нешта рабіць, канешне. Можна было б дабрачынныя рахункі адчыняць, грошы збіраць, — кажа Марына Сушчанка. — Але ёсць людзі, якія самі нічога не робяць, і іншым перашкаджаюць».

Глушанцы ж, якія гатовыя працаваць на карысць стварэння музея, вінавацяць ва ўсім мясцовую уладу. Маўляў, супраціўляецца яна гэтаму музею, ёсць у ёй такія людзі…»

Аддзел ідэалогіі: «Бабруйскаму кур’еру» каментароў не даем

«Бабруйскі кур’ер» паспрабаваў узяць афіцыйны каментар у райвыканкаме. Мы задалі пытанне старшыні аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, калі жыхарам Бабруйска і Бабруйскага раёна чакаць адкрыцця музея, і чаму грошы, што на яго выдзяляліся, пайшлі на іншыя мэты.

«Я не буду даваць каментары «Бабруйскаму кур’еру», — адказала старшыня аддзелу.

На заўвагу, што чыноўнікі абавязаныя даваць інфармацыю СМІ, яна сказала: «Я ведаю, што не маю права не даваць каментар, але канкрэтна вам я нічога даваць не буду. Я не хачу размаўляць з вашым СМІ». («БК» прапануе неадкладна ўручыць гэтаму чыноўніку прэмію за мужность і адказнасць).

Наша даведка.

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в. Канюхі ў Мінскай вобласці. Але з самага маленства жыў з бацькамі ў Глушу, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут ён хацеў быць пахаваным. Што і адбылося ў 1994 годзе — у студзені пісьменнік памёр ад інфаркту.

Алесь Адамовіч вядомы як выдатны публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя пытанні грамадскага жыцця. Шмат ў чым дзякуючы менавіта Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і ейныя наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Vixi (Пражыта)», сцанар да фільма «Ідзі і глядзі», зборнік публіцыстыкі «Дадумваць да канца» і шмат іншых твораў.

У будынку аптэкі, дзе мусіў паўстаць музей, працавала маці пісьменніка Ганна Адамовіч. У гады вайны сям’я Адамовічаў некаторы час жыла ў гэтым будынку.

Марына Міхневіч