
Следчы камітэт не хоча залічваць штрафы, якія замест дэманстрантаў аплаціў нехта іншы. Пра гэта заявіў начальнік УСК па Мінску Сяргей Паско.
Ён тлумачыць, што існуе прынцып індывідуальнай адказнасці. А калі за парушальніка заплаціў іншы чалавек, то гэты прынцып нівелюецца.
«Следства выявіла значную колькасць фактаў аплаты штрафаў іншымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі за вінаватых асоб. На гэтыя сродкі Следчым камітэтам з санкцыі пракурора накладзены арышт. Перад зацікаўленымі ведамствамі ініцыявана правядзенне працэсуальных дзеянняў па спагнанні грашовых сродкаў непасрэдна з правапарушальнікаў», — кажа Паско.
Раней СК ужо блакаваў на рахунках беларусаў грошы, атрыманыя з-за мяжы на аплату штрафаў, але Нацбанк забараніў сілавікам рабіць так.