Домой Общество Размовы пра Цоя ў аўтазаку і «Канікулы строгага рэжыму» у УУС: бабруйчанін...

Размовы пра Цоя ў аўтазаку і «Канікулы строгага рэжыму» у УУС: бабруйчанін пра «тэатр абсурда» пасля затрымання

«Я злавіў з «касманаўтам» зрокавы кантакт, напэўна, дарма, бо з імі, як з сабакамі – нельга глядзець у вочы. Так апынуўся ў аўтазаку. Потым УУС, СІЗА, суд». 19-гадовы Мікіта Бялевіч распавядае, як трапіў у «хапун» на плошчы Леніна 10 жніўня.

размовы ў аўтазаку УУС бабруйчанін

Ці смяюцца сілавікі з «апазіцыйных» анекдотаў

Увечары 10 жніўня мы з сябрамі былі на плошчы Леніна. Мы былі там і 9-га, але тады нас не кранулі. Магчыма, таму што сілавікі яшчэ паводзілі сябе не так агрэсіўна, ці таму, што ІЧУ і СІЗА ўжо былі запоўненыя. Тады ў нейкі момант каля нас прабеглі, накрычаўшы «валіце адсюль», але не затрымалі.

10-га ў нас не было з сабой вады, і мы вырашылі зайсці ў «Карону» ды вярнуцца назад. У мяне на абодвух руках былі белыя стужкі. За выканкамам стаялі аўтазакі. Каля іх – супрацоўнікі ў форме, бронекамізэльках, шлемах. У той жа час людзі хадзілі спакойна, ніхто нікога не затрымліваў, быў пачатак 20-й гадзіны. Я думаю – ну, значыць, загаду не было, таму можна ісці бяспечна. Ідзем. І вось стаіць гэтая група ў шлемах каля аўтазаку, і метраў за дзесяць да іх я лаўлю зрокавы кантакт з адным з іх. Магчыма, дарма, бо ведаеце як з сабакам – нельга ў вочы глядзець? Магчыма, і з імі так. Карацей, гляжу на яго, ён глядзіць на мяне, на маю руку са стужкай, зноў у вочы, зноў на руку, і ідзе ў мой бок. Напэўна, сёння я б пабег. Але тады разгубіўся. Ён бярэ мяне пад плячо: «пройдёмте».

Мяне кінулі ў аўтазак, у адзіночную камеру. Ахоўваў мяне супрацоўнік у поўным абмундзіраванні – касцы, шлеме – усё, як мае быць. Паспрабаваў паразмаўляць з ім. І тады падумаў, што, напэўна, ён і не амапавец, бо мяркуючы па аповедах іншых, амапавец са мной наўрад ці стаў бы гутаркі весці. Гэта ці нейкі салдат тэрміновай службы, ці з патрульна-паставой службы. Ён быў апрануты як «касманаўт», але надпісу АМАП я не бачыў.

На пытанні кшталту «якога я тут раблю» ён мне не адказваў. Але атрымалася паразмаўляць пра музыку, крыху пра кіно. Ён нават пасмяяўся з майго «апазіцыйнага» анекдота. Пра тое, як супрацоўнік ОНТ пытаецца ў мінака, што будзе, калі пераможа Лукашэнка. Той адказвае – усё будзе проста цудоўна, у нас з’явіцца шмат новых супрацоўнікаў, маладыя людзі, грошы. Журналіст пытаецца – а вы адкуль? Той адказвае – з Варшавы… Мой ахоўнік міжвольна засмяяўся, але вельмі хутка спыніўся. Думаю, калі б гэта быў амапавец, то за такі анекдот адчыніў бы камеру і пачаў бы мяне біць.

«Касманаўт» пра Цоя: раней падабаўся, цяпер – не

Я пытаўся ў майго канваіра  – а што ты слухаеш, якія ў цябе густы? Запытаўся пра Цоя – ці падабаецца. Ён: не, раней яшчэ можа быць, а цяпер проста музыку слухаю. Я з ім, дарэчы, размаўляў па-беларуску. Ён адказваў па-расейску, і не на ўсё. Я не магу сказаць, чаму – ці яму не дазваляла дрэннае веданне беларускай мовы, ці ўнутраныя прынцыпы нейкія.

Ён распавёў, што некалі вучыўся граць на гітары. Я тады падумаў, што хутчэй за ўсё ён вучыўся на песнях Цоя, бо адсоткаў 90 пачынаюць з Цоя. Ён прамаўчаў на маю заўвагу пра гэта. Але я лёгка магу сабе ўявіць, што пару гадоў таму ён граў на гітары «Перамен».

Па голасе, паводзінах думаю, гэта быў малады чалавек, 20-25 гадоў, наўрад ці старэйшы. Не магу сказаць, што было страшна. Там ужо пачынаецца напаўістэрычны стан. Як варыянт, можна было крычаць, біцца аб сценкі камеры, але што б гэта дало? Толькі б нервы сабе парваў. А побач нехта падобны да чалавека. Ну я і вырашыў з ім паразмаўляць. Хвілін праз сорак мы некуды ад’ехалі, і яшчэ аднаго закінулі. Ад яго я даведаўся, што мы ўжо на прыпынку «Плошча Леніна», і што пачаўся хапун, – адтуль грабуць. Я падумаў – о, дачакаўся, бо баяўся, што ўвогуле буду адзін.

Калі назбіралі чалавек дзесяць, павезлі ў УУС на Менскую. Я туды трапіў упершыню.

Нас прывезлі ва ўнутраны дворык. Там стаялі сталы. За адным з іх – жанчыны ў форме, яны прымалі асабістыя рэчы, запісвалі прозвішча, нейкі нумар. Забіралі матузкі, кепкі, ключы, грошы, карацей, усё, што з сабой было, і кідалі ў сіні пакет як з-пад смецця, туды ж паперку з тваім прозвішчам.

Нейкі чалавек у цывільным запытаўся ў мяне пароль ад тэлефона. Я кажу – не памятаю, так спужаўся, што забыў. Ён пачаў пагражаць: ах не памятаеш, дык зараз узгадаеш, мы табе гэта, ды мы табе тое. Я кажу: разумею, але ўсё яшчэ не памятаю, не атрымліваецца ўзгадаць. Ён хацеў мой тэлеграм убачыць, злаваўся, казаў, што забяруць тэлефон на тры месяцы і «будуць з яго выкачваць інфармацыю». Я думаў — шкада, ну але што я магу зрабіць? Але мне вярнулі тэлефон адразу як адпусцілі.

Паставілі «на расцяжку». Ведаючы, як у Менску так па некалькі гадзін трымалі, думаў – ну, не самая камфортная поза, але пачаў настройвацца на доўгае стаянне. Але літаральна праз некалькі хвілін нас павялі ў актавую залю.

«Упершыню пасля сканчэння школы пачуў настаўніцкі слэнг»

Нас не білі. Але прывялі некалькі збітых мужчын – з парванымі кашулямі, цішоткамі, з пабітымі тварамі, разадранымі лакцямі.

Я так разумею, аўтазакі працягвалі катацца па горадзе, бо людзей усё прыводзілі. Агулам каля 50 чалавек там было. З іх – 4 ці 5 жанчын.

Што кінулася ў вочы ў гэтай актавай залі? На задніх шэрагах сядзелі вельмі маладыя хлопцы ў поўнай вайсковай экіпіроўцы – у касках, з флягамі, з усім такім. Там жа ляжалі шчыты.

А яшчэ там быў праектар, і нам паказвали «Канікулы строгага рэжыму» з Бязрукавым. Гэта абсалютны тэатр абсурда: ты сядзіш, глядзіш направа, налева, там хлопцы, мужчыны розных узростаў. Яны гэтак жа глядзяць на цябе з тым жа пытаннем у вачах – што адбываецца?

Упершыню за апошнія два гады, пасля сканчэння школы, я сустрэўся з настаўніцкім слэнгам кшталту «разговорчики», «рассажу сейчас». У нейкі момант я пачаў размаўляць праз плячо з хлопцам, потым аказался, што са сваім будучым сукамернікам. Ён распавёў, што яго на вялікай «Кароне» узялі. Я падумаў – нічога сабе. Запытаўся – а там нешта было? Ён кажа – не ведаю, мы там ўпяцёх стаялі. І на гэта адразу чую: эй, не парушаць парадак. І мяне перасадзілі на першы шэраг, наўпрост перад «настаўнікам».

Міма праходзіў міліцыянт і кажа мне: ты як сядзіш, ты дзе ўвогуле знаходзішся? Я інстынктыўна выпраставаўся, але потым падумаў – а сапраўды, дзе я знаходжуся? Мы сядзім, глядзім кіно. Што адбываецца – я сам хацеў бы ведаць.

Тут – вадапой!

Я вельмі хацеў піць, бо было горача. Мяне павялі ў прыбіральню, там быў кран з вадой. Я падумаў – ок, значыць, такія правілы, не буду выпендрывацца. Тым больш, у мяне не было з сабой ніякай вадкасці. Папіў. А калі выходзіў, пабачыў, як туды зайшоў чалавек у форме і таксама піў. Я падумаў – ну, значыць, тут дакладна «вадапой».

Пачалі ўсіх выводзіць паціху. Я паспеў дагледзець да канца «Канікулы», потым пачалося «Белае сонца пустыні». Хвілін 15 я паглядзеў, і мяне вывелі. Прывялі ў нейкае памяшканне, дзе былі тры супрацоўнікі. Пачалося маральнае прыніжэнне. Адзін уносіў мае дадзеныя ў пратакол, другі апісваў рэчы, а трэці быў для кампаніі, магчыма. Мне казалі: «Ды навошта ты туды папёрся? Ды з-за такіх, як ты, мая сям’я павінна цярпець, я тут трэці дзень сяжу».

Я думаў – ну дык не сядзі, ты сам зрабіў гэты выбар. Але казаць гэта не стаў.

Адзін з іх вываліў усе рэчы з майго заплечніка са словамі: ды ў самых апошніх «бічоў», якіх сюды прывозілі, было меньш смецця. А ў мяне там былі нейкія чэкі, паперкі, але ж я не рыхтаваў загадзя заплечнік да агляду. А той, хто мяне афармляў, назваў мяне ган…ам, гледзячы ў вочы. Гэта гучыць непрыемна, але не самае страшнае, на фоне таго, што ў Менску людзей білі.

Я доўга чытаў пратакол, супрацоўніка гэта злавала. Я настойваў, каб мне правы растлумачылі, артыкул, па якім мяне затрымалі. Там усё было стандартна: удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, правакаваў супрацоўнікаў міліцыі, выкрыкваў лозунгі. Дарэчы, былі не самыя горшыя словы, напрыклад, актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Я думаў –  файна гучыць, гэта ж плюс – чаму я за гэта асуджаны? Я напісаў, што з пратаколам не згодны. Перад пагрузкай у аўтазак мяне прымусілі зняць пірсінг.

Ваў, гэта ж вежа Опермана!

Нас павялі ў аўтазак. Гэтым разам было шмат людзей. У камеры, разлічанай на чацвярых, было восем чалавек. Спачатку павезлі ў ІЧУ, але там не было месца, таму паехалі ў СІЗА – на знакамітую «башню». Я чакаў моманту, калі можна будзе папаліць ды легчы. Але нас «засялілі» толькі гадзіны ў тры ночы – перад намі ў чарзе былі тры аўтазакі, і ў кожным па 15-16 чалавек.

У камеры нас было 8 чалавек. З раніцы дазволілі папаліць – гэта можна рабіць наўпрост у камеры. Пакармілі сняданкам. Далі аўсяную кашу, хлеб і гарбату. Улічваючы, што я нічога не еў з абеду папярэдняга дня, гэта было «ідэальна».

Мы доўга чакалі суду. З забаў там можна было толькі сядзець, ляжаць, стаяць, піць ваду. Гэта лакшэры, канешне, у параўнанні з Менскам, дзе часам не дазвалялі нават сесці.

У параўнанні са стаўленнем у УУС, у СІЗА было зносна. Увогуле, напачатку прышпільна сябе адчуваеш у гэтых гістарычных  мурах. Думаеш – ваў, гэта ж вежа Опермана! Але затрымлівацца там не хочацца.

Нас нікуды не вывозілі – суд сам прыехаў у СІЗА. Тры суддзі разглядалі справы прыкладна чалавек 30. Усё было вельмі хутка. Заходзіш у кабінет, там сядзіць жанчына ў нейкай расе ці мантыі. Насупраць – сакратар. Тая, што ў «расе», зачытвае прозвішча, ты ёй распавядаеш, што было. Потым яна «са словаў супрацоўніка міліцыі» зачытвае нешта неверагоднае, што відавочна адбывалася ў паралельным сусвеце. Я кажу – я з гэтым нязгодны. Яна выносіць вярдыкт – адныя суткі. Да ночы я там прабыў яшчэ, і мяне адпусцілі.

Іншым пашанцавала меньш. Нехта атрымаў штрафы па 20-30 базавых. Нехта – трое сутак. Аднаму хлопцу далі восем, і яшчэ аднаму – нават 15. Я не зразумеў, па якім прынцыпе была гэтая раздача – выглядала нейкай абсалютнай рулеткай.

Што я зразумеў для сябе – калі ў мой бок будзе рухацца супрацоўнік міліцыі, то стаяць я дакладна не буду, бо другі раз там апынуцца не хачу. Самыя моцныя пачуцці, што я адчуваю пасля ўсяго гэтага – крыўда і сорам, бо не магу зразумець паводзінаў і дзеянняў сілавікоў, міліцыі…

 

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON, які ў Бабруйску рэалізуецца тайм-клубам «1387», камандай «Жывой Бібліятэкі» Бабруйска і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка».

 

Марына Маўчанава
Фото: Дар’я Роскач