Арганізатары – ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча». Прыём заявак ужо ідзе.
Што такое буктрэйлер і чаму Адамовіч?
Буктрэйлер – гэта не проста анонс да кнігі, гэта кароткае аўтарскае відэа, якое інтрыгуе, чапляе, заахвочвае гледача прачытаць кнігу.
«Мы разумеем, што свет змяняецца вельмі хутка. Нягледзячы на гэта, у творах Алеся Адамовіча падымаецца шмат тэм, праблем, актуальных дагэтуль, – кажуць арганізатары конкурса. – Каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да ягоных тэкстаў, каб на працы гэтага аўтара звярнула сваю ўвагу моладзь, мы прапануем аб’яднаць літаратуру і тэхналогіі».
Як прыняць удзел у конкурсе?
Падаць заяўку могуць усе жадаючыя. Узрост і ўзровень валодання камерай, мантажом не маюць значэння. Але найперш цікава і карысна паўдзельнічаць будзе:
- аматарам творчасці Алеся Адамовіча – падзяліцеся сваімі улюбёнымі кнігамі з іншымі праз відэа-вобразы;
- пачынаючым рэжысёрам, сцэнарыстам, аператарам – заявіце пра сябе ў творчай супольнасці Беларусі;
- школьнікам і студэнтам – перадайце свае эмоцыі ад твораў Алеся Адамовіча праз мабільнае кіно;
- блогерам – прасоўвайце сябе і свой блог праз кантэнт новага фармата.
Як стварыць буктрэйлер і прыняць удзел у конкурсе?
- Выбраць твор Алеся Адамовіча
- Вызначыцца з фарматам і тэматыкай (гульнявы, анімацыйны, канцэптуальны і г.д.)
- Напісаць сцэнар і раскадроўку
- Зняць відэа, запісаць аўдыя, падабраць ілюстрацыі і зрабіць подпісы (пры неабходнасці)
- Змантаваць канчатковы варыянт буктрэйлера
- Азнаёміцца з правіламі правядзення Конкурса і запоўніць анкетку ўдзельніка да 15 ліпеня 2019 года ўключна
- Верыць у перамогу і чакаць вынікаў конкурса
- Увосень 2019 года прыехаць на ўрачыстую прэзентацыю на малой радзіме Алеся Адамовіча ў Глушы, пазнаёміцца з аднадумцамі, атрымаць узнагароду і / ці парадаваццца за калег.
Прызы і бонусы для пераможцаў і ўдзельнікаў
Прыём заявак на конкурс працягнецца да 15 ліпеня 2019 года. Пераможцы будуць вызначаныя ў трох намінацыях:
- Лепшая ідэя/сцэнар для буктрэйлера
- Лепшая аператарская праца і мантаж
- Гран-пры за лепшы сцэнар і тэхнічнае выкананнне
Сярод журы – прадстаўнікі як літаратурнай супольнасць Беларусі, так і кінаіндустрыі.
Пакуль жа, да сканчэння конкурса і вызначэння пераможцы, запланаваныя майстар-класы і сустрэчы з рэжысёрамі і літэратарамі, а таксама экскурсіі на малую радзіму Алеся Адамовіча ў Глушу.
Найлепшыя працы будуць прэзентаваныя і ўзнагароджаны на этнаграфічным фестывалі «Глушанскі хутарок» у Глушы на пачатку восені 2019 года.
Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы. А таксама – вядомасць, бо конкурс будзе шырока асвятляцца ў медыях. Акрамя, удзел у конкурсе і запланаваных у ягоных рамках сустрэчах і майстар-класах дапамогуць атрымаць новыя веды, падвысіць майстэрства.
Арганізатары конкурса – ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» – кажуць, што конкурс – гэта чарговы крок на шляху ўшанавання імя Алеся Адамовіча, вяртання яго з забыцця, прыцягнення ўвагі да ягонай творчасці. Летась актывісты дамагліся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынка ў Глушы ў арт-аб’ект, прысвечаны Адамовічу, сабралі сродкі на помнік пісьменніку.
«Леташні вынік натхнў нас на новыя ідэі і дзеянні, – кажа Андрусь Архіпенка, лідар каманды. – У нашых планах стварэнне інтэрактыўнага музея ў будынку былой аптэкі і турыстычнай інфраструктуры, брэнда для пасёлка Глуша. Каб заставацца на слыху, прыцягваць новых людзей у наша праект, папулярызаваць творчасць Адамовіча, мы вырашылі правесці гэты творчы конкурс. Паводле твораў Адамовіча было знята шмат кінакарцін. Чаму б не працягнуць гэтую традыцыю і не паспрабаваць паглядзець на знаёмыя сюжэты ў святле новага часу і тэхналогій?».
Сачыце за навінамі пра конкурс у сацсетках: https://www.facebook.com/login/?next=https%3A%2F%2Fwww.facebook.com%2Fgroups%2Fadamovich.by
Марына Міхневіч