Домой Общество РайПТ супраць цяжарнай шматдзетнай маці

РайПТ супраць цяжарнай шматдзетнай маці

Святлана Шчарбатых — шматдзетная маці з Бабруйску — не працавала амаль пяць гадоў, бо знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку… Старэйшай яе дачцы — 14 гадоў, а самай маленькай — 11 месяцаў. Зараз Святлана знаходзіцца на 8-м месяцы цяжарнасці пятым дзіцяці. Але першая ж спроба працаўладкавацца мела горкія для яе сям’і наступствы… У кастрычніку 2010 году яе прынялі на працу ў Бабруйскі РайПТ. Прынялі з парушэннямі — без медычнай камісіі і санітарнай кніжкі, адначасова прадавачкай і загадчыцай крамы. Невялічкая прадуктовая крама, якую ёй даручылі, знаходзілася ў вёсцы Слабодка. Усё б нічога, калі б не нечаканая хвароба маленькай дачцы, і неабходнасць іх сумеснай шпіталізацыі…
Святлана перадала ключы ў РайПТ і 10 дзён знаходзілася на бальнічным. Праблемы пачаліся пасля вяртання на працу, у хуткім часе пасля таго, як яна паведаміла адміністрацыі аб сваёй цяжарнасці і патрэбе недзе праз 2 месяцы знайсці ёй замену. 10 снежня яна абвесціла аб гэтым, а ўжо 15-га ў краме прызначылі перападлік. У яе знайшлі нястачу каля 2 млн. руб. і патрабавалі выплаціць, але яна адмаўлялася, спасылаючыся на тое, што да згубы такой буйной сумы грошаў ці тавараў на гэтую суму не можа мець ніякага дачынення… Тады ёй прапанавалі пайсці ў двухтыдневы адпачынак за свой лік, а адразу па вяртанні (30 снежня) пасля адпаведнай пастановы праўлення РайПТ звольнілі па артыкулу 47 Працоўнага кодэксу пункт 2 “Недавер наймальніка”.
Трэба адзначыць, што з боку кіраўніцтва РайПТ і супрацоўнікаў АБЭЗ (падчас допытаў) ужываўся вялізарны псіхалагічны ціск на цяжарную жанчыну. Са слоў яе і яе мужа, яны паводзілі сябе ў адносінах да яе агрэсіўна і нахабна, негледзячы на яе становішча і цяжкія наступствы паталогіі нярвовага зрыву падчас мінулай цяжарнасці. Менавіта таму яе муж Уладзімір Шчарбатых увесь час (ў РайПТ, у АБЭЗ, у судзе) імкнуўся прадстаўляць інтарэсы жонкі. Святлана палічыла, што яе звольнілі несправядліва (без уліку яе цяжарнасці і без доказаў праз суд крадзежа з яе боку) і падала ў суд на РайПА, каб аднавіцца на працы і атрымаць грошы, якія належаць да выплаты ў сувязі з дэкрэтным адпачынкам…
Рашэнне суда, які адбыўся на мінулым тыдні, пакінула звальненне ў сіле, але на наступны ж дзень Шчарбатых падалі касацыйную скаргу. У сваю чаргу, адміністрацыя РайПТ высунула сустрэчны пазоў да Святлана Шчарбатых з патрабаваннем выплаты сумы нястачы… Уладзімір Шчарбатых з’яўляўся актывістам кампаніі “Гавары праўду” і чальцом ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Някляева, але лічыць, што канфліктная сітуацыя з яго жонкай не выклікана ягонай грамадскай дзейнасцю, хоць і не выключае гэтага, улічваючы супадзенне па тэрмінах — перадвыбарчай кампаніі і пачаткам канфлікту.
Антон ПУЦІЛА.