Домой Общество Р. Якаўлеўскі: «Не выключаю і больш жорсткай палітыкі ЗША ў адносінах да...

Р. Якаўлеўскі: «Не выключаю і больш жорсткай палітыкі ЗША ў адносінах да Беларусі»

Упершыню за цяперашнюю прэзідэнцкую гонку ў Злучаных Штатах Амерыкі рэйтынгі суперніка Барака Абамы — Міта Ромні — зраўняліся (па 45% кожны), піша «ТУТ I ЦЯПЕР».

Наколькі могуць змяніцца беларуска-амерыканскія стасункі ў выпадку, калі новым гаспадаром Белага дома стане Ромні? Ці застанецца ранейшай палітыка ЗША, калі ўсё ж пры ўладзе застанецца Барак Абама? На гэтыя дый іншыя пытанні адказвае вядомы палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

— Адразу скажу, хутчэй за ўсё, нічога кардынальнага ў адносінах да нашай краіны, хто б сёлета ні стаў прэзідэнтам ЗША, не адбудзецца. Мушу нагадаць, што нашы адносіны з гэтай краінай можна лічыць амаль замарожанымі. Яны прадстаўленыя, на вялікі жаль, часовымі паверанымі. Што ні ў якім выпадку нельга лічыць здавальняючым. Злучаныя Штаты з самага пачатку набыцця Беларуссю незалежнасці заўсёды займалі ў адносінах да яе вельмі прынцыповую пазіцыю — захаванне нашай незалежнасці, захаванне правоў чалавека, павага да грамадзянскай супольнасці і г.д.
Было б вельмі наіўным лічыць, што, напрыклад, Міт Ромні нейкім чынам будзе адыходзіць ад гэтай пазіцыі.
— Магчыма, адбудзецца наадварот? Ці можна выключаць больш жорсткае стаўленне да Беларусі? Ромні ўжо неяк зрабіў вельмі недвухсэнсоўныя заявы ў бок Расіі. А на дадзены момант Беларусь з’яўляецца найбліжэйшым яе хаўруснікам…

— Шчыра кажучы, для Злучаных Штатаў Расія ўжо дастаткова даўно не ўяўляе сур’ёзнай сілы, з якой трэба лічыцца па ўсіх важных пытаннях. Еўрасаюз, Кітай, Індыя — вось краіны павышанай цікавасці амерыканцаў. Толькі ў Кітай штогод з ЗША, па некаторых дадзеных, ідзе пад 40 мільярдаў долараў інвестыцый.

Што ўжо гаварыць пра месца нашай краіны ў амерыканскай знешняй палітыцы….

Разам з тым, я б сапраўды не выключаў магчымасці больш жорсткага стаўлення новай амерыканскай адміністрацыі да беларускіх улад. Дазвольце нагадаць, упершыню за ўсю найноўшую гісторыю ЗША быў прыняты спецыяльны закон па Беларусі — «Акт аб падтрымцы дэмакратыі». Адмяніць гэты закон вельмі складана. Можна толькі прыпыніць. Але такіх намераў амерыканская адміністрацыя і блізка не выяўляе. Ёсць у гэтым законе важны пункт. Амерыканскі Кангрэс прадастаўляе права выканаўчай уладзе замарожваць рахункі беларускіх замежных устаноў у ЗША дый іншых краінах. У свой час такім чынам былі замарожаныя рахункі вядомага «Інфабанку», які потым пераўтварыўся ў «Трастбанк». Амерыканцы вельмі пільна і неабыякава сочаць за сітуацыяй з правамі чалавека ў нашай краіне, якая апошнім часам мянялася толькі ў горшы бок. Я перакананы, пры новым (альбо старым) амерыканскім прэзідэнце гэтая ўвага, як мінімум, не паменшыцца.

ДА ВЕДАМА
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 6 лістапада.

Гутарыў Віктар АЛЯХНОВІЧ

«ТУТ I ЦЯПЕР»