Домой В регионе Пяць тысяч крокаў па родным горадзе

Пяць тысяч крокаў па родным горадзе

 пяць тысяч крокаў, родны горад, Бабруйск, літаратурны Бабруйск, экскурсіяШпацырам па «літаратурным Бабруйску» 28 жніўня распачаўся маштабны культурніцкі гарадскі праект. Штомесяц бабруйчан чакаюць бясплатныя аўтарскія экскурсіі.

Бонус – веды пра горад

Праект «Прайдзі пяць тысяч крокаў па Бабруйску» задумалі і рэалізуюць мясцовыя краязнаўцы і экскурсаводы, каб працягнуць увагу грамадскасці і ўладаў да важнасці захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны горада.

«Ёсць такая акцыя ў МТС, вы ведаеце – прайдзі 60 тысяч крокаў і атрымай бонус. А мы вырашылі – нахай у нас гэта будзе пяць тысяч крокаў, але бонусам стане знаёмства з горадам, веды, якія атрымаюць экскурсанты», – распавяла экскурсавод Святлана Семчанка.

Паводле словаў спадарыні Святланы, у праекце ўдзельнічаюць самыя вядомыя бабруйскія гіды і краязнаўцы. Яны будуць ладзіць арыгінальныя аўтарскія экскурсіі па горадзе. Перыядычнасць – прыкладна штомесяц. Тэмы – самыя розныя, яны будуць абвяшчацца дадаткова. Удзел ва ўсіх экскурсіях – бясплатны. Тэрмін дзеяння экскурсійнага марафона не вызначыны. Як зазначыла Святлана Семчанка, арганізатары хочуць, «каб праект стаў бясконцым».

Напрыканцы кожнай экскурсіі будзе ладзіцца так званы «адкрыты мікрафон» – калі кожны ўдзельнік зможа падзяліцца ўражаннямі ад таго, што пабачыў і пачуў, ці сваімі ідэямі, ці нават прачытаць свае вершы.

Праз экскурсіі да ўвагі ўладаў і грамадскасці да гарадской спадчыны

«Мы хацелі б, каб да гэтага праекта далучаліся розныя арганізацыі, дзеячы горада, – зазначыла Святлана Семчанка на пачатку першай экскурсіі. – Аб падтрымцы гэтай экскурсіі мы дамовіліся з габрэйскай суполкай Бабруйска. Фінальнай кропкай экскурсіі, дарэчы, будзе новы габрэйскі дворык. Далей праект будзе падтрымліваць краязнаўчы музей. І мы чакаем прадстаўнікоў грамадскасці і іншыя арганізацыі. Таксама мы хочам прыцягнуць увагу ўладаў, каб наш горад пачаў казаць сам за сябе, а не толькі краязнаўцы і экскурсаводы распавядалі пра яго. Хацелася б, каб горад меў інфармацыйныя шыльды, знакі на месцах, дзе жылі і працавалі нашыя выбітныя бабруйчане».

Першая экскурсія ў рамках праект – «Літаратурны Бабруйск», якую распрацавала і правяла Святлана Калюта, экскурасвод, былая загадчыца бібліятэкі №4 ім. Б.Мікуліча.

 пяць тысяч крокаў, родны горад, Бабруйск, літаратурны Бабруйск, экскурсія

 пяць тысяч крокаў, родны горад, Бабруйск, літаратурны Бабруйск, экскурсія

Распачаўся шпацыр па літаратурных мясцінах нашага горада з тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Таксама там жа спадарыня Святлана распавяла пра гісторыю бабруйскай тыпаграфіі, пра Міхася Лынькова, Барыса Мікуліча.

 пяць тысяч крокаў, родны горад, Бабруйск, літаратурны Бабруйск, экскурсія

Яшчэ адной літаратурнай кропкай, якая з’явілася ў Бабруйску не так даўно, стаў помнік Эфраіму Севеле. Далей экскурсанты рушылі да асабняка купчыхі Кацнэльсан.

 пяць тысяч крокаў, родны горад, Бабруйск, літаратурны Бабруйск, экскурсія

Адтуль – на вуліцу Энгельса – былую Інвалідную – «галоўную гераіню» твора Севелы «Легенды Інваліднай вуліцы».

Скончыўся літаратурны шпацыр у габрэйскім дворыку, адкрытым на пачатку жніўня каля руін старой сінагогі. Там жа правялі «адкрыты мікрафон».

За абвесткамі пра новыя экскурсіі ў рамках праекта «Прайдзі пяць тысяч крокаў па Бабруйску» сачыце на «Бабруйскім кур’еры».

 

Марына Міхневіч