Домой Культура Прызоў усім годным не хапіла

Прызоў усім годным не хапіла















У Бабруйску завершыўся Фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

З 27 па 31 кастрычніка ў Бабруйску на дзвюх пляцоўках абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прайшоў Пяты фестываль нацыянальнай драматургіі.

Цягам пяці дзён гледачы ўбачылі дзесяць спектакляў па творах беларускіх аўтараў ад дзевяці тэатраў з Беларусі і Расеі.

У рамках фэсту адбыліся «чыткі» новых п’ес беларускіх аўтараў, кожнадзённыя абмяркаванні конкурсных спяктаклей і новых п’ес, а таксама «круглы стол» фестывалю.

Упершыню працавала драматургічная лабараторыя «Gorod.doc». Маладыя беларускія драматургі і рэжысёры разам з бабруйскімі акцёрамі паспрабавалі сродкамі дакументальнага тэатра стварыць адзіны мастацкі твор…

На ўрачыстым закрыцці міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў падзякаваў арганізатараў фэсту за цудоўнае свята тэатра, а старшыня конкурснага журы Таццяна Арлова абвесціла лаўрэтаў фестывалю.

У выніку, дыпломы за лепшую жаночую і мужчынскую ролі дасталіся акцёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Алене Дудзіч і Уладзіміру Пятровічу (спектакль «Час сэканд хэнд» па кнізе нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч).

Прыз за лепшую сцэнаграфію дастаўся мастаку-пастаноўшчыку Андрэю Меранкову за працу над спектаклем Гомельскага абласнога драматычнага тэатра «Ён. Яна. Вайна» паводле твора Васіля Быкава.

Лепшым рэжысёрам быў прызнаны расеец Мікіта Кобелеў, які прадставіў на бабруйскай сцэне спектакль Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя У. Маякоўскага «Каханне людзей» па аднайменнай п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага.

Ну, а Гран-пры адзначаны фаварыт конкурсу — «Пінская шляхта» заснавальніка беларускай драматургіі ад Палескага драматычнага тэатра з Пінска (рэжысёр — Віталь Баркоўскі). Цікава, што спектакль быў пастаўлены на заходняпалескім дыялекце…

Спецыяльныя дыпломы былі ўручаны гаспадарам фэсту — адміністрацыі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, а таксама — кіраўніку Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццяне Траяновіч і кіраўніку Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандру Марчанка…

Падводзячы вынікі фестывалю, старшыня журы Таццяна Арлова паведаміла, што на гэты раз не хапіла намінацый, каб адзначыць усіх годных удзельнікаў конкурснай праграмы. Прынамсі, малады актор Павел Марыніч з Пінска быў варты ўзнагароды за феерычнае выкананне ролі Пісулькіна ў «Пінскай шляхце»…

Асобна былі ўзнагароджаны бабруйскія артысты. Анатоль Двараннікаў — нагрудным знакам Міністэрства культуры Беларусі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Падзякай міністра культуры адзначаны Жанна Зарэмба і заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Парфяновіч.

Пасля закрыцця фестывалю мы паразмаўлялі з уладальнікам Прыза за лепшую рэжысуру Мікітай Кобелевым, а таксама папрасілі падвесці вынікі фэсту тэатральнага крытыка, дацэнта кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта Андрэя Масквіна.

Антон Пуціла

Фото Віктара Масаловіча