Домой В регионе Пры рэдакцыі «Бабруйскага кур’ера» пачаў дзейнічаць Клуб чытачоў

Пры рэдакцыі «Бабруйскага кур’ера» пачаў дзейнічаць Клуб чытачоў

Першая бабруйская анлайн-газета выходзіць у афлайн-прастору і запрашае чытачоў пазнаёміцца з журналістамі выдання і за кавай абмяркоўваць актуальныя пытанні.

рэдакцыя, «Бабруйскі кур’ер», Клуб чытачоў
Падчас сустрэчы
Анатоль Санаценка распавядае…

Ідэя стварэння Клуба чытачоў належыць галоўнаму рэдактару «Бабруйскага кур’ера» Анатолю Санаценка. Ён лічыць, што ў той час, як медыі ўсё больш і больш сыходзяць у інтэрнэт, важна захаваць асабісты кантакт з чытачом, і размаўляць з ім не толькі праз матэрыялы на сайце, але і ў больш нефармальнай атмасферы за кубачкам гарбаты ці кавы. Такі Клуб можа быць карысным для абодвух бакоў – чытачы пазнаёмяцца з працай выдання, а журналісты лепей зразумеюць, якія тэмы сапраўды хвалююць бабруйчан.

рэдакцыя, «Бабруйскі кур’ер», Клуб чытачоў
Падчас сустрэчы

Першая сустрэча Клуба чытачоў «Бабруйскага кур’ера» прайшла 18-га верасня. На ёй Анатоль Санаценка распавёў пра гісторыю выдання. Госці даведаліся, што «Бабруйскі кур’ер» – старэйшая газета горада, заснаваная яшчэ ў 1914 годзе. Пачулі пра няпросты лёс незалежнага выдання, пра перашкоды для працы, якія амаль ад самага пачатку чынілі ўлады (прынамсі з 1918 года), пра тое, як атрымлівалася адраджацца і заставацца на плаву.

Чытачоў цікавіла, як «Бабруйскі кур’ер» працуе з аўдыторыяй у інтэрнэце. Гучала пытанне, ці няма ў рэдакцыі планаў некалі аднавіць выхад папяровай версіі газеты (ад 2010 года «Бабруйскі кур’ер» цалкам сышоў у анлайн-фармат). Галоўны рэдактар і журналісты адказалі, што на сённяшні дзень вяртанне да друкаванай версіі не мае вялікага сэнсу, таму мэта «БК» на будучыню – развівацца і дасканаліцца ў якасці анлайн-газеты.

Анатоль Санаценка зазначае, што хацеў бы, каб сустрэчы Клуба чытачоў сталі рэгулярнымі, але гэта будзе залежыць ад запатрабаванасці. Калі зацікаўленасць сярод бабруйчан будзе, то Клуб працягне працаваць.

 

Ул. інф.