У першы дзень ліпеня ў Бабруйску адбылася прэзентацыя кнігі гісторыка Ігара Мельнікава «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гг.». Але адбылася яна ў незвычайных умовах – на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, дзе месціўся Першы польскі корпус на Беларусі.
Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў прадставіў бабруйчанам сваю кнігу пад скляпеннямі аднаго з бастыёнаў – побач з месцам, дзе знаходзілася Мінская брама цытадэлі.

Менавіта гэтыя магутныя муры памятаюць падзеі стогадовай даўніны, калі ствараўся і дзейнічаў забыты вайсковы корпус, а таксама – падзеі польска-бальшавіцкай вайны на Бабруйшчыне. Тыя падзеі, якія змяшчалі дагэтуль малавывучаныя аспекты беларускай гісторыі.
Даследчык таксама надаў у кнізе асобную ўвагу гісторыі Бабрускай крэпасці – аднаго з архітэктурных цудаў Беларусі, адной з найбольш адметных вайсковых фартыфікацый ва Усходняй Эўропе… Ігар Мельнікаў прысвяціў новую кнігу 100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама – роднаму для яго гораду – Бабруйску.
Пасля таго, як аўтар пазнаёміў наведвальнікаў імпрэзы са зместам кнігі, гісторыяй яе стварэння (Ігар Вячаслававіч стварыў гэтую кнігу, дзякуючы краўндфандынгу і за ўласныя грошы) і з набытымі ім тагачаснымі артэфактамі, ён падпісаў асобнікі тым, хто пажадаў набыць гэтае даследванне.

Падрабязней аб падзеі глядзіце ў нашым відэарэпартажы.
Антон Пуціла
Фота Віктара Масаловіча
Відэарэпартаж аўтара і Віктара Масаловіча