- На відэа: Аошні званок Дар’і Аврамчык (САШ № 27)
Традыцыйна апошні званок — гэта найбольш запамінальнае свята для выпускнікоў. На ім праходзіць урачыстае развітанне са школай. Шмат слёз, хваляванняў і радасных воклічаў.
Так было і ў гэтым годзе. Бацькі і сябры адзінаццацікласнікаў збіраліся ў школах горада, каб паглядзець на тое, як юнакі і дзяўчаты выходзяць у сваё дарослае жыццё. У сваю ж чаргу тыя рабілі ўсё, каб гэта запомнілася надоўга. У розных школах да гэтага падрыхтаваліся па-рознаму. Хто — танцамі і песнямі, хто — разыгранымі смешнымі сцэнкамі з школьнага жыцця. Некаторыя школы нават запрасілі творчыя калектывы горада.
Традыцыйным таксама з’яўляецца і віншаванне дырэктара школы, і словы пажадання ад настаўнікаў і бацькоў, і словы ўдзячнасці ад саміх выпускнікоў. Стала звычаем на апошні званок пець пераробку песні гурта ДДТ “Что такое осень?”.
Віншаванне першакласнікаў заўсёды з’яўляецца неад’емнай часткай мерапрыемства. Словы, сказаныя пераемнікамі, заўсёды натхняльныя і вельмі моцна хапаюць за душу. І хочацца верыць у тое, што выпускнікі не падвядуць ні сваіх пераемнікаў, ні бацькоў, ні настаўнікаў.
Гарвыканкам таксама далучыўся да гэтых віншаванняў. У падарунак ён прапанаваў адзінаццацікласнікам, іх бацькам, сябрам і настаўнікам канцэрт у Лядовым палацы, які распачаўся а 14.00. На ім выпускнікоў віншавалі творчыя калектывы горада. Толькі, нажаль, канцэрт атрымаўся не вельмі цікавым: неякасны гук, на бакавых сектарах дрэнна было бачна.
Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара