Домой Выборы Піяр ў фармаце тэлебачання…

Піяр ў фармаце тэлебачання…

Тэлеканал «Белсат» нядаўна запрасіў у Вільнюс на здымкі перадачаў, прысвечаным выбарам у Беларусі. Спрэчкі, дыскусіі, гульня на мяжы карэктнасці — было ўсё. Вось некаторыя ўражанні ад гэтага…

У першай частцы прымалі ўдзел Андрэй Дзмітрыеў (кіраўнік кампаніі «Гавары праўду!»), Сяргей Калякін (лідар партыі «Справядлівы Свет»), Анатоль Лябедзька (старшыня АГП), Ігар Лялькоў (намеснік старшыні партыі БНФ), Віталь Рымашэўскі (адзін з лідэраў аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя).

Другую частку можна назваць, па сутнасці, піяр-акцыяй кандыдата ў Прэзідэнты спн. Таццяны Караткевіч.

Але гэтыя дзве першыя перадачы выглядалі разугрэвам для трэцяй, на якую былі запрошаныя палітычныя аналітыкі: палітычны аналітык БелаПАН Аляксандр Класкоўскі, эканаміст Зміцер Крук, палітолаг Сяргей Нікалюк і журналіст «Еўрарадыё» Алесь Пілецкі.

Распачалося ўсё, а дзясятай раніцы. Усім гасцям навялі марафет: пафарбавалі твары пудраю, а камусьці падправілі прычоску і макіяж.

Аб адзінаццатай — запіс. Нас вельмі дэмакратычна папрасілі пляскаць у далоні, калі загадаюць, не выкрыкваць пытанні да спн. Караткевіч з меца, а падчас першай і трэцяй часткі праграмы ўвогуле толькі маўчаць і пляскаць у далонькі па камандзе. Усе моўчкі пагадзіліся з гэтым.

Распачалі з палітыкаў. Яшчэ як толькі яны расселіся па крэслах, адразу стала відаць, што асаблівай падтрымкі Андрэю Дзмітрыеву чакаць неадкуль.

Увесь час з боку ягоных апанентаў гучалі бяздоказныя абвінавачанні ў гульні на ўсе бакі і супрацы з уладамі. Але Дзмітрыеў меўся падрыхтаваным да гэтага. Таму адказваў не хвалюючыся, упэўнена. Ён нават спрабаваў іранізаваць са сваіх абвінаваўцаў. Калі-некалі тое атрымлівалася.

Падчас перадачы кожны з палітыкаў імкнуўся данесці свой пасыл. Так напрыклад, сп. Лябедзька увесь час прасоўваў праграму «Мільён працоўных месцаў для Беларусі», а Віталь Рымашэўскі — казаў аб медыцыне, сацыяльнай палітыцы і іншых акцыях БХД.

Сп. Сяргей Калякін заявіў, што зараз пытанне аб расійскіх авіябазах не павінна стаяць на чале ўсіх дзеянняў апазіцыі. Таксама ён сказаў, што пытанне ўдзелу ці няўдзелу ў гэтай выбарчай кампаніі з’яўляецца маральным, а не выніковым. І таму кожны тут робіць свой выбар сам.

Другая перадача была ў фармаце «пытанні-адказы» да спн. Таццяны Караткевіч. Перад пачаткам, журналістам і грамадскім актывістам, якія меліся задаць Таццяне Мікалаеўне пытанне, аддалі аркушы з перапісанымі ад рукі сказамі. (Дарэчы, пытанні запатрабавалі даслаць загадзя.) Але аддалі не ўсім, а толькі тым, чые адабралі. Маё аказалася ў спісе нецікавых, таму давялося задаваць яго апошнім.

Перад пачаткам спн. Караткевіч атрымала інструкцыю ад начальніка свайго штабу Андрэя Дзмітрыева. Усе ўдакладняючыя пытанні да тэлевізійшчыкаў яны задавалі з нецярпеннем і прытэнзіяй.

У першай палове перадачы пытанні да спн. Таццяны задавалі вядучыя. Яны датычыліся перадвыбарчай гонкі, праграмы і планаў Таццяны Мікалаеўны. У другой палове пытанні задавалі тыя гледачы, якія патрапілі ў спіс цікавых. А на сканчэнне — дазволілі і нецікавым паспытацца пра тое-сёе.

Скончылася перадача падсумаваннем вядучых.

Трэцяя частка здымак мелася быць больш грунтоўнай і змястоўнай. Але эксперты атрымлівалі занадта вялікую асалоду ад сваіх прамоваў, таму цікавасць да іх словаў у гледачоў была значна меншаю, чым да папярэдніх дзвюх перадач.

Эксперты казалі аб цікавасці грамадства да Караткевіч, змену сацыяльнага кантракта ўлады з народам («лаяльнасць у абмен на прыбытак» ператварылася ў фармулёўку «выбары ў абмен на выжыванне»), што Лукашэнка робіць зараз толькі спробу касметычнага рамонту эканомікі і да таго падобнае.

Сп. Нікалюк заявіў, што такая ўлада змяшчаецца толькі з дапамогаю рэвалюцыі. І ўвогуле, ён часта цытаваў Уладзіміра Ільіча і іншых камуністычных лідараў.

Усімі аналітыкамі было зазначана, што ў апазіцыі няма асаблівага гульца, таго, хто павядзе ўсіх наперад, што моладзь таксама ў заняпадзе, і:

— Нават Малады Фронт, — заўважыў сп. Класкоўскі, — сваім кіруючым органам прызначыў Сойм.

Запіс скончыўся, але цікавых, жывых прамоваў пачуць не давялося. Усе словы ўжо не раз казаліся ў прэсе і кулуарах. Новых прапаноў, як што палепшыць, таксама не прагучала. А першыя дзве перадачы — на радасць перадвыбарчаму штабу Караткевіч — атрымаліся сапраўдным піярам для кандыдаткі: ейнае імя гучала ў той дзень найчасцей.

Яўген ВАСЬКОВІЧ