Домой В регионе Паніхіда ў касцёле, кветкі і знічы да помніка ахвярам рэпрэсій: як у...

Паніхіда ў касцёле, кветкі і знічы да помніка ахвярам рэпрэсій: як у Бабруйску ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі

13 лістапада ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшло дзве службы ў памяць пра забітага 31-гадовага менчука. Ранішнюю Імшу ксёндз-вікарый правёў па сваёй ініцыятыве, увечары – па замове парафіянаў.

Апоўдні каля помніка ахвярам рэпрэсій на плошчы Перамогі адбылася шматлюдная акцыя ўшанавання памяці Рамана. Людзі неслі знічы і кветкі да стыхійнага мемарыялу да позняга вечара.

Ноччу з мемарыяла нехта скраў лампадкі і кветкі

Беларусаў вельмі моцна закранула смерць Рамана Бандарэнкі. З вечара 12 лістапада, калі стала вядома, што маладзён, збіты падчас затрымання невядомымі, не выжыў пасля аперацыі, людзі нясуць знічы і квіткі да стыхійных мемарыялаў па ўсёй краіне, выходзяць у ланцугі салідарнасці. Не застаўся ў баку і Бабруйск – людзі пайшлі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, што на плошчы Перамогі, адразу пасля трагічнай навіны. Нажаль, раніцай бабруйчане пабачылі, што лампадкі і кветкі, якія яны прынеслі да камяня, нехта забраў.

Такі крадзеж адбываецца ўжо другі раз запар – мінулам разам знічы зніклі раніцай 30 кастрычніка пасля Ночы растраляных паэтаў.

Але людзей гэты вандалізм (а як інакш назваць крадзеж памінальных знічоў і кветак з помніка?) не спыніў. Апоўдні 13 лістапада каля ста чалавек сабраліся каля камяня. Не абыйшлося без міліцыі, але, наколькі нам вядома, нікога не затрымалі. Людзі працягвалі прыходзіць да помніка ахвярам рэпрэсій да позняга вечара.

Акрамя, увечары неабыякавыя бабруйчане пайшлі ў касцёл – на 18-ю гадзіну была прызначана паніхіда ў памяць пра Рамана Бандарэнку.

«Калі памерлы не паспеў споўніць свае зямныя справы, гэтам можам зрабіць мы»

У храме сабраліся каля 80-100 чалавек. Вельмі значная частка – не каталікі. Не зважаючы на канфесію, бабруйчане прыйшлі маліцца за нявінна забітага. Ксёндз Канстанцін Карака, які адпраўляў Імшу, падзякаваў прыйшоўшым за салідарнасць.

«Я не пытаюся, кім быў Раман па веравызнанні – каталіком, праваслаўным ці пратэстантам. Таму што гэта не мае значэння. Усе мы – дзеці Божыя, паходзім ад аднаго Айца, і да Яго вяртаемся», – казаў святар на пачатку Імшы.

Ксёндз Канстанцін у сваёй прамове разважаў пра тое, што для некага жыццё – гэта доўгі шлях, а для іншага – кароткі, хтосьці развітваецца з гэтым светам, споўніўшы ўсе свае планы, а для некага жыццё скончваецца трагічна.

«Тыя, каго мы называем памерлымі, насамрэч жывуць. Жывуць у Богу, – казаў святар. –  Мы, якія застаемся на зямлі, наследуем іхнія добрыя ўчынкі. Памятайма, што калі хтосьці, быць можа, не ўсё дарабіў у гэтым свеце, гэта можам працянуць, здзейсніць мы. Калі хтосьці не споўніў усіх сваіх зямных спраў – іх таксама можам споўніць мы».

«Адважна крочце ў лепшы заўтрашні дзень»

Святар зазначыў, што трагічная і заўчасная смерць Рамана Бандарэнкі для жывых будзе прыпамінам аб каштоўнасці, годнасці і недатыкальнасці жыцця.

«Няхай памяць аб Рамане заўсёды трывае ў нашых сэрцах. Прыміце Божае дабраслаўленне, і з гэтым дабраслаўленнем адважна крочце шляхам жыцця, у лепшы заўтрашні дзень».

Напрыканцы Святой Імшы бабруйчане разам маліліся за Беларусь малітвай за Айчыну святога Яна Паўла ІІ.

«Няхай усе, хто кіруе нашай краінай <…> вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасці і супакою, дзе шануецца Імя Езуса Хрыста і годнасць кожнага чалавека, <…> каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага свету, у якім любоў ператварае ўзброеныя канфлікты ў супакой, а цывілізацыю смерці – у цывілізацыю жыцця», – гучалі словы малітвы.

Цягам усёй Імшы каля касцёла дзяжурыла міліцэйская «Ніва». Міліцыянты пад’ехалі яшчэ да пачатку службы, але не выходзілі з машыны. З’ехалі яны толькі калі пасля паніхіды ўсе разыйшліся.

Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада ў рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі Менска. Туды яго прывезлі ўвечары 11 лістапада ў непрытомнасці супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС сталіцы. Напярэдадні хлопца збілі і звезлі на бусе невядомыя. Раман жыў на знакамітай плошчы Перамен. Ён выйшаў у двор, бо даведаўся, што нейкія людзі прыехалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі, якія павязвалі на пляцоўцы мясцовыя жыхары. Паміж маладзёнам і невядомымі, але вельмі агрэсіўна настроенымі хлопцамі, завязалася бойка. Жыхары плошчы Перамен мяркуюць, што Рамана працягвалі збіваць ці то па дарозе ў бусе, ці ў РУУСе. У лякарні хлопцу зрабілі аперацыю, але ён не выжыў. Апошнімі словамі, якія Раман напісаў у дваравым чаце, былі: «Я выходжу».

Як бабруйчане ўшаноўвалі памяць Рамана Бандарэнкі – глядзіце таксама ў нашым відэсюжэце.

 

Марына Маўчанава