Домой Общество Паляванне на дэмакратаў (Видео)

Паляванне на дэмакратаў (Видео)


25 сакавіка адбыўся цэлы шэраг правапарушэнняў, звязаных з актывістамі дэмакратычных сіл Бабруйска
Сёння ноччу адбылася правакацыя супраць каардынатара Рады дэмакратычных сіл Бабруйскага рэгіёну, кіраўніка суполкі АГП Віктара Бузінаева. Ён уначы вярнуйся з Менску, а раніцай, калі выгульваў сабаку, убачыў, што ўсе колы на яго аўто парэзаны, а на крыле прылеплена нашлёпка “Маладога фронту”. Па іроніі лёсу, сёння ён менавіта разам з “маладафронтаўцамі” збіраўся на сваім аўтамабіле ехаць у Менск, каб узяць удзел у святкаванні Дня Волі… Але і пазней актывіст быў фактычна заблакаваны ў сваёй кватэры, таму што цягам недзе пяці гадзін на лесвічнай клетцы, альбо побач з пад’ездам дзяжурылі міліцыянты. Калі мы пацікавіліся ў аднаго з іх: “З якой нагоды такая падвышаная ўвага да спадара Бузінаева?” Ён адказаў, што нічога пра гэта ня ведае. Калі ж працягнулі цікавіцца, ці атрымліваў ён нейкае канкрэтнае заданне? Міліцыянт адрэзаў: “Толькі ахова правапарадку!” Толькі каля 16-й гадзіны актывіст здолеў пакінуць свой дом.
Таксама раніцай па надуманных чынніках быў затрыманы міліцыяй лідар Свабоднага прафсаюзу беларускага Міхаіл Кавалькоў. Яму растлумачылі, што ён мусіць выступіць сведкам па нейкай справе, але акалічнасці гэтай справы доўгі час знаходзіліся ў таямніцы. Калі, каля 15-й гадзіны мы размаўлялі з ім па тэлефоне, нічога новага, акрамя таго, што яго дагэтуль трымаюць у аддзяленні УУС, высвятліць не атрымалася.
Не менш цынічным за астатнія выглядае выхадка супраць Таісіі Кабанчук, якой невядомыя сёння ўначы распісалі ўваходныя дзверы і сцены на лесвічнай клетцы. Побач з надпісам буйнымі чырвонымі літарамі “Суки! Охота кабанов открыта” таксама была нашлёпка “Маладога фронту”, унізе той жа чырвонай фарбай выведзена абрэвіятура арганізацыі — “МФ”. Актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД выклікала міліцыю. Адно з пытанняў следчага падчас допыту краналась яе падазронаў наконт магчымых выканаўцаў правапарушэння. На што пацярпелая адказала, што кожны год на Дзень Волі ладзяцца правакацыі з мэтай не даць найбольш актыўнай частцы дэмакратычных сіл Бабруйска выехаць у сталіцу, каб узяць удзел у мерапрыемствах да Дня Волі. І хто гэта робіць, міліцыі павінна быць лепей вядома, чым ёй.
Антон ПУЦІЛА.